За ўдзел у «маршы недармаедаў» гарадзенскіх актывістаў пакаралі штрафамі, а аднаго і «соднямі»


У Горадні адбыліся суды над удзельнікамі несанкцыянаванага мясцовымі ўладамі «маршу недармаедаў», што скіраваны за адмену дэкрэту №3, які адбыўся 15 сакавіка. Гэтым разам судзілі не толькі грамадскіх актывістаў, але і шараговых «недармаедаў».

У Ленінскім гарадзенскім судзе разглядалі 7 адміністратыўных спраў па артыкуле 23.34 «Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве». Падсуднымі былі Эдвард Дмухоўскі, Віталь Дзюк, Валянціна Навумава, Антон Войцехаў, Васіль Корабаў, Валер Курчэўскі і Мікалай Салянік. Некаторыя падсудныя ў суд не з’явіліся, як сябра БХД Антон Вайцехаў ды Мікалай Салянік. Вайцехаў не прыйшоў па невядомых прычынах ды яго мабільны тэлефон недасяжны, а пенсіянер Салянік знаходзіцца ў шпіталі.

Валянціна Навумава

Суддзямі выступілі ўжо вядомыя па падобных справах Дзмітрый Бубенчык, Козел Наталля ды Пятрова Алена. Па традыцыі сведкамі выступілі міліцыянты, сярод якіх быў камандзір АМАПу Сяргей Чэрэцкі. Ён сведчыў пра тое, што сацыяльны работнік Валянціна Навумава аказала супраціў міліцыі. Аднак, Навумава прытрымлівалася іншай пазіцыі, што на яе напалі невядомыя ў цывільным, яна закрычала ды на дапамогу прыбеглі маладыя людзі, што стаялі побач на аўтобусным прыпынку.

Васіль Корабаў

22-гадовы Віталь Дзюк не так даўно скончыў будаўнічае вучылішча ды пайшоў на «марш недармаедаў» таму што не мог знайсці працу, а падатак плаціць трэба.

Эдвард Дмухоўскі

Ад паслуг адваката Навумава ды Дзюк адмовіліся: «бо няма грошай каб аплаціць».

Калі ўсе ўдзельнікі «маршу недармаедаў» праходзілі па частцы 1 КаАП артыкулу 23.34, то гарадзенскі актывіст, сябра руху «За Свабоду» ды праваабаронца Эдвард Дмухоўскі праходзіў па 3 частцы гэтага артыкулу. Сведкі-міліцыянты яго назвалі найбольш агрэсіўным удзельнікам акцыі, бо пад час акцыі, карыстаючыся мегафонам, рэзка крытыкаваў уладу, што моцна абвастрала і так рэзкую сітуацыю на мітынгу.

Віталь Дзюк

Дмухоўскі ў адказ на такія сведчанні прыгадаў усім прысутным, што сёння, як і ў 1937 годзе прадстаўнікі сілавых структур выконваюць злачынныя загады ўлады.

Дзюк з бацькам

У выніку прысуды былі наступныя: Васіль Корабаў атрымаў штраф у памеры 7 базавых велічынь (161 рубель), Віталь Дзюк, Валянцінава Навумава ды Валер Курчэўскі атрымалі штраф у памеры 15 базавых велічынь (435 рублёў). Эдвард Дмухоўскі атрымаў 15 содняў адміністратыўнага арышту.

МД belsat.eu 

Глядзі таксама
Каментары