За тры дні ў Беларусі затрыманы 19 нелегальных валютнікаў


Міліцыянты з аддзелаў па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі з 19 да 21 снежня затрымалі 19 нелегальных валютнікаў.

«З 19 па 21 снежня 2014 года за парушэнне правілаў ажыццяўлення валютных аперацыяў супрацоўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі прыцягнулі да адказнасці 19 грамадзянаў. Канфіскавана $ 2363, Ru 26 тыс. і Br 30,7 млн», – адзначылі ў прэс-службе Міністэрства ўнутраных справаў агенцтву «Интерфакс-Запад».

Больш за ўсё парушэнняў зафіксавана ў Менску – складзена 11 адміністрацыйных пратаколаў.

У Менску міліцыянты затрымалі 31-гадовага рабочага прыватнай будаўнічай фірмы і 25-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка. У іх канфіскавалі Br19,6 млн і $ 950.

«А на тэрыторыі гандлёвага цэнтру «Экспабел» за здзяйсненне аналагічнага правапарушэння затрыманы 52-гадовы беспрацоўны і 17-гадовы студэнт, абодва жыхары Менску, у якіх канфіскавана Br 10,8 млн і $ 315», – адзначылі ў МУС.

Міністэрства ўнутраных справаў рэкамендуе ўстрымацца ад куплі валюты з рук і нагадвае, што адміністрацыйным заканадаўствам за незаконныя валютныя аперацыі акрамя штрафу прадугледжана і канфіскацыя грошай, якія імкнуліся абмяняць. Пад адказнасць трапляе не толькі «мяняла», але і той, хто вырашыў скарыстацца іх паслугамі. За такую прадпрымальнасць пагражае штраф да 100 базавых велічыняў (Br 15 млн), падкрэслілі ў міліцыі.

Акрамя таго, заўважылі праваахоўнікі, крымінальнае заканадаўства Беларусі прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўленне волі ад 2 да 7 гадоў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з незаконнымі валютнымі аперацыямі.

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў