За перадачу дакументаў АНБ журналістам арыштаваная 25-гадовая амерыканка


У ЗША па абвінавачванні ў крадзяжы сакрэтных дакументаў арыштаваная супрацоўніца кампаніі, якая выконвала працу для Агенцтва нацыянальнай бяспекі краіны (АНБ) Рыяліці Лі Віннер.

Як паведамляе Бі-бі-сі, 25-гадовая Віннер вынесла сакрэтныя матэрыялы з дзяржаўнай установы ў амерыканскім штаце Джорджыя і перадала іх журналістам.

Абвінавачванні былі прадʼяўленыя неўзабаве пасля таго, як партал Intercept апублікаваў сакрэтны даклад Агенцтва нацыянальнай бяспекі пра меркаванае ўмяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары ў ЗША

Віннер была арыштаваная 3 чэрвеня, паведамілі ў Мінюсце. Сярод абвінавачванняў супраць яе – збор і перадача дадзеных аб дзяржаўнай бяспеке, паведамляюць СМІ.

У апублікаваных у Intercept дакументах утрымліваліся абвінавачванні ў адрас расейскай разведкі ў спробе здзейсніць кібератакі па меншай меры на аднаго пастаўшчыка праграмнага забеспячэння для сістэмы галасавання перад прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША. У той жа час у дакуменце не казалася пра тое, што намаганні хакераў мелі поспех.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў