За падтрыманне ІП Лябедзьку і Яскевіч аштрафавалі на 50 і 25 базавых велічынь


Суд Маскоўскага раёну Менску 17 лютага аштрафаваў старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і актывістку прадпрымальніцкага руху з Віцебску Ірыну Яскевіч на 50 і 25 базавых велічынь адпаведна (Br 10,5 і 5,25 млн).

Лябедзька і Яскевіч судзілі за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства (арт. 23.34 Кодэксу адміністрацыйных парушэнняў). Гаворка ідзе пра акцыю ў падтрыманне індывідуальных прадпрымальнікаў, якая прайшла на плошчы Незалежнасці ў Менску 18 студзеня.

Акрамя таго, як паведаміў Лябедзька агенцтву БелаПАН, пакаралі штрафам адсутных на працэсе 67-гадовую пенсіянерку з Менску Ніну Багінскую (30 базавых велічыняў – Br 6,3 млн) і актывіста Артура Адамяна (25 базавых велічыняў – Br 5,25 млн).

Гэта ўжо другі за апошнія два дні суд над Лябедзькам. 16 лютага ён быў аштрафаваны на 50 базавых велічынь за пікет супраць міліцэйскага самавольства.

У панядзелак, 15 лютага, Еўразвяз зняў санкцыі з уладаў Беларусі, пабачыўшы пэўнае паляпшэнне ў сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Еўразвяз паставіў умову: калі правы людзей будуць надалей парушацца, санкцыі могуць вярнуць. Канстытуцыя Беларусі гарантуе права грамадзян на мірныя сходы.

МЯ, паводле naviny.by

Стужка навінаў