За падпольную інтымную аперацыю жыхара Баранавічаў судзіць не будуць


Маладзёна з Баранавічаў не будуць судзіць за аперацыю на палавых губах 17-гадовай дзяўчыны. Але ў дачыненні да яго яшчэ расследуецца крымінальная справа аб вырабе і распаўсюдзе парнаграфіі.

Сёлета ў верасні ў адным з тату-салонаў Берасця 24-гадовы жыхар Баранавічаў, вядомы пад псеўданімам Леў Талстой, не маючы медычнай адукацыі, зрабіў лабіяпластыку (змяненне формы і памеру малых палавых губ) 17-гадовай берасцейцы.

Няпоўнагадовая берасцейка ледзь не загінула пасля падпольнай пластычнай аперацыі на палавых органах, трапіўшы ў рэанімацыю з вялікім крывацёкам.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў правялі праверку і ў завядзенні крымінальнай справы адмовілі, паведамілі Intex-press.by у прэс-службе Упраўлення ўнутраных справаў Берасцейскага аблвыканкаму.

Аднак Берасцейскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў у дачыненні да маладзёна крымінальную справу за выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (ч. 2 арт. 343 Крымінальнага кодэксу РБ).

Паводле следства, на старонцы маладзёна ў сацыяльнай сетцы былі выяўленыя некалькі фотаздымкаў інтымнага пірсінгу і відэа, на якім падвешаныя на круках хлопец і дзяўчына займаліся сексам.

Пакаранне прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

Аднак Леў Талстой лічыць, што міліцыянты перадузята ставяцца да яго, бо не змаглі «пасадзіць» яго за аперацыю.

«Самае простае – гэта распаўсюд парнаграфіі. Цяпер у кожнага другога можна знайсці якую-небудзь захаваную фатаграфію ў сацсетках. Вось і ў мяне знайшлі некалькі фотаздымкаў інтымнага пірсінгу і відэа, на якім падвешаныя на круках хлопец і дзяўчына (што мяне і зацікавіла) займаліся сексам. Гэтага аказалася дастаткова», – распавёў Леў.

МЯ, паводле intex-press.by

Стужка навінаў