«За нявыгадны кантракт з Беларуссю». У Польшчы затрымалі экс-кіраўнікоў энергетычнай фірмы


Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро (ЦАБ) Польшчы затрымала двух былых членаў кіраўніцтва энергетычнага прадпрыемства «Enea SA».

Следчыя вінавацяць іх у нявыгадным для прадпрыемства набыцці энергетычнай лініі паміж Польшчай і Беларуссю.

Пётр Качорэк з аддзелу сувязяў з грамадскасцю ЦАБ пацвердзіў затрыманні Максыміліяна Г. І Кшыштофа З. Паводле следчых, набыццё энергетычнага моста, якое адбылося ў жніўні 2011 года, прынесла 15 млн злотых (амаль $ 4 млн) стратаў.

«Набыццё было здзейсненае фірмай, зарэгістраванай у падатковым афшоры, на Кіпры. Пры гэтым стваралася бачнасць карыснай для прадпрыемства здзелкі, якая тычылася стварэння энергетычнага моста, які павінен быў спрыяць экспарту і транзіту энергіі праз сістэму Беларусі на рынак Польшчы і ЕЗ», – адзначыў Пётр Качорэк.

Пры гэтым лінія не мела дастатковай магутнасці, не праводзілася тэхнічнага і фінансавага аналізу здзелкі, мяркуюць следчыя.

Былых віцэ-старшыняў вінавацяць у невыкананні абавязкаў і працы на карысць іншых асобаў.

НМ, belsat.eu, паводле PAP

Стужка навінаў