За нясплату штрафу Мікалаю Статкевічу пагражаюць забаронай на выезд за мяжу


Былому палітвязню налічылі вялікія штрафы за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, якія ён не збіраецца аплочваць.

29 сакавіка Статкевіча выклікалі ў Ленінскі РУУС Менску. Ён знаходзіцца пад прафілактычным наглядам і абавязаны з’яўляцца ў аддзел міліцыі па выкліках. Гэтым разам у аддзяленні яго чакалі не толькі супрацоўнікі райаддзелу міліцыі, але і судовыя выканаўцы, паведамляе сайт palitviazni.info.

«Высветлілася, што судовыя выканаўцы хочуць паразмаўляць са мной. Шчыра кажучы, я прагназаваў такое развіццё падзей, а таму прыйшоў у аддзел разам з жонкай і наборам дакументаў, які паказвае, што ў мяне ніякай маёмасці няма».

Палітыку прапанавалі распісацца за тое, што ў яго маюцца тры штрафы агульнай сумай 25,2 мільёны рублёў, каб было зафіксавана, што такая папера яму ўручана. Аднак палітык заявіў у адказ, што без кансультацый з адвакатам нічога падпісваць не будзе.

«Судовыя выканаўцы нагадалі, што ў такім выпадку мне адключаць мабільную сувязь, будзе забаронена карыстацца аўтамабілем і выязджаць за межы Беларусі. І, акрамя таго, яны будуць прымаць нейкае судовае рашэнне, каб зайсці ў дом, дзе я цяпер жыву. А гэты дом належаў бацькам Марыны Адамовіч, там жыве яе сын, але няма маёй маёмасці. Я там нават не зарэгістраваны. Сітуацыя ўвогуле дзікунская! Я нават сказаў, што ў выпадку чаго магу там і не жыць. Скажу, што нідзе не жыву – і шукайце па Беларусі», – адзначыў Статкевіч.

Аплочваць штрафы палітык адмаўляецца.

«У іх ёсць легальная магчымасць атрымаць свае штрафы – вылічваць грошы з маёй вайсковай пенсіі. Але, відаць, такі варыянт не задавальняе. Тады няхай паказваюць усяму свету і сваім новым сябрам, якая ў Беларусі лібералізацыя. А я не магу плаціць, бо не лічу сябе вінаватым. І, паўтаруся, ніякай маёмасці ў мяне няма. Няхай вылузваюцца, як хочуць, але на «панты» мяне не возьмеш».

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў