«За нашу і вашу свабоду!». «Dzieciuki» запісалі сінгл да 270-годздзя Касцюшкі (прэм’ера!)


Напярэдадні выхаду новага альбому «Рэха» гарадзенскі гурт прэзентаваў песню «Тадэвуш Касцюшка».

«Dzieciuki» адмыслова падгадалі дату прэм’еры – менавіта 4 лютага 1746 году ў фальварку Мерацоўшчына, што на Берасцейшчыне, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка – нацыянальны герой ЗША, Польшчы і Беларусі. У яго гонар ставяць помнікі, называюць вуліцы, плошчы, паркі, масты, горы, нават востраў і горад былі названыя ягоным імем. Свой унёсак ва ўшанаванне земляка робяць і гарадзенскія музыкі.

«Для нас Тадэвуш Касцюшка – ўвасабленне гонару і годнасці народа, які жыве на той самай зямлі, што дала яму жыццё. Гэты змагар-рамантык жыве ў кожным з нас – тых хто шукае лепшага і справядлівага», – заяўляе гурт «Dzieciuki» з нагоды прэм’еры песні.

«Тадэвуш Касцюшка» увойдзе ў новы альбом «Рэха», рэліз якога запланаваны на канец лютага.

Гісторыя пад знакам Пагоні: Тадэвуш Касцюшка 

Радзімай ён лічыў наш палескі край.

Праслыў ён ваяром сярод варожых зграй.

І псы-маскалі, і ангельскія сабакі

Вылі, калі ім надзіралі сракі!

І ў Рацлавіцкай бітве, і пад Саратогай

Трымаўся берасцейскі шляхціц годна!

І ордэн Цынцыната і «Віртуці Мілітары»

На грудзёх ня ўсе насілі генералы!

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

І чарнаскурых слуг і сялян прыгонных

Касцюшка адпусціў на волю.

Бо ўсё жыццё лічыў, што роўныя правы

Ад нараджэння дадзены вялікім і малым!

Ня важна каму – людзям ці народам –

Калі маюць мужнасць, калі маюць гонар!

І кожны народ мае права на свабоду!

І заклікаў Касцюшка, сын трох народаў:

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

За нашу і вашу свабоду!

Ужывую «Касцюшку» ды іншыя песні гурту можа будзе пачуць падчас канцэрту «Даём рады» 27 лютага ў Менску, а таксама на прэзентацыі альбому 12 сакавіка ў Беластоку.

ЮВ, belsat.eu, паводле tuzin.fm

Глядзі таксама
Каментары