За мужам у Афганістан і па джынсы ў Кітай. Неверагодныя гісторыі з «жывой бібліятэкі»


Шмат хто са «звычайных людзей» мае дзівосныя гісторыі, якія вартыя таго, каб іх выслухаць. Карэспандэнтка belsat.eu трапіла на сустрэчу ў «Жывой бібліятэцы» ў Горадні і занатавала два аповеды.

Кніга першая. «Валацужнае жыццё жонкі савецкага афіцэра»

Спадарыня Тамара

Спадарыня Тамара нарадзілася ў Вільні ў сям’і вайскоўца. У тры месяца бацькі забралі яе на мяжу з Турцыяй, дзе ў 56-м годзе было неспакойна. Ці гэта паўплывала на яе далейшае жыццё, сказаць цяжка, аднак пасля таго, як маладая Тамара скончыла філфак у Гомлі, лёсам было наканавана, каб дзяўчына выйшла замуж за вайскоўца.

Маладыя па размеркаванні мужа пераехалі ў Чыту, дзе прабылі два гады. Каб атрымаць далейшае павышэнне па службе, муж Тамары пагадзіўся навыезд у Манголію. Разам з іншымі вайсковымі сем’ямі маладыя жылі ў вайсковым гарадку Налайх блізу Улан-Батора. Асобна жылая зона, асобна службовая, аэрадром. Ішоў 1978-мы год і Манголія на той час таксама была неспакойнаю кропкаю на мапе. У час абвастрэння кітайска-савецкіх дачыненняў Манголія стала на бок СССР, дзякуючы чаму атрымлівала вялікую эканамічную дапамогу.

Савецкі «хром» – мангольскі «палас»

«Былі баі мясцовага значэння. Былі вылазкі кітайцаў. Тады Манголію лічылі амаль што Савецкім саюзам. 16-я рэспубліка казалі. Мужа тады 2 тыдні ўдому не было. Памятаю, як на ўваходзе ўвесь час стаяў падрыхтаваны чамаданчык на ўсялякі выпадак з дакументамі наверсе. Калі не атрымаецца забраць чамадан, каб дакументы былі з сабою», – узгадвае Тамара.

Сем’і вайсковых жылі тады ў пяціпавярховым доме. Былі святло і вада. Перыядычна, – дадае жанчына. У канцы месяца выключалі святло, а паколькі былі водапомпы, вада знікала таксама. Навокал выпаленыя сонцам стэпы, практычна аніякай расліннасці. З жывёлаў запомніліся тарпаганы – буйныя грызуны, падобныя на суслікаў. Клімат рэзка-кантынентальны: днём спёка, а ўночы холад.

«Наш гарадок стаяў асобна, таму з манголамі мы рэдка кантактавалі. Часам прыходзілі да нас, «купі-прадай». Здзяйснялі «хром-палас», як яны казалі. Мянялі хромавыя боты на палас – дыван такі. Золата мянялі, хоць нізкапобнае. Вось біруза была прыгожая, не падобная на нашу, зялёная. Аднойчы я пабывала ў юрце. Кажу мужу пайшлі пабачым хоць адным вочкам, што там такое. Заходзім, у мангола папрасілі. Ён – «захады!» Заходзім мы ў гэтую юрту. Стаяць металёвыя ложкі, засцеленыя савецкай кляёначкай, і ўсё. Пасцельных прыналежнасцяў я не ўбачыла. Не ведаю што там зараз з гэтымі гарадкамі, у ва што яны пераўтварыліся». – распавядае жанчына.

За мужам на Афганскую вайну

Афганістан 86-ты год

У 80-м годзе муж Тамары ізноў паступіў на другое вышэйшае. Сям’я вярнулася ў Маскву. Пасля скіраванне ў Саратаў. Муж жартаваў: «Што ты ад мяне хочаш? Па адных сталіцах цябе катаю. Масква – сталіца, Чыта – сталіца сонечнага Забайкайля, Улан-Батор – сталіца Манголіі. Саратаў – сталіца Паволжа». Наступнай сталіцай для сям’і Тамары стаў Кабул, калі ў краіне цягам многіх гадоў не спынялася вайна.

«У Афганістане мы былі з 85-87 гг. Калі зараз гавораць пра Сірыю, у мяне адразу перад вачыма стаіць Афганістан. Нельга туды лезці. Усходні народ – іншы, ён па менталітэту іншы, па звычках. У яго чалавечае жыццё нічога не каштуе. Гэта я адчула дастаткова. Мой муж быў тады дарадцам палкоўніка афганскай арміі. Жылі мы ў чатырохпакаёўцы дзвюма сем’ямі. Жонка лётчыка, з якім мы дзялілі кватэру, пабыла месяц, не вытрымала, забрала дзяцей і вярнулася ў Саюз».

Спадарыня Тамара добра памятае, як аднойчы аўтобус з іх дзецьмі абстралялі з гранатамётаў па дарозе ў амбасаду. Гэта быў час, калі зрыналі прэзідэнта Наджыбулу. Над домам увесь час кружылі верталёты, ды так блізка, што бачна было твары лётчыкаў. Каля пяціпавярховіка, дзе жыла Тамара, заўсёды дзяжурылі па двое афганцаў дзеля бяспекі.

«Я іх лабатрасамі называла. На адной лесвічнай пляцоўцы ў 5-пакаёўцы жыў палкоўнік з 6-цю дзяцьмі і дзвюма жонкамі. І мы – дзве сям’і дарадцаў. Нармальна жылі. Частавалі адзін аднаго. Ваду давалі два разы на тыдзень. Па дзве гадзіны. Раніцай а 6-й. Муж з суседам сыходзілі вельмі рана. А мне трэба было паспець памыць усё, дзяцей выкупаць, бо ўвечары мужчыны вярталіся. Ім таксама трэба памыцца. Вада артэзіянская, ледзяная. І канешне яна была заражаная. Сальманэлы ўсялякія. Усё замочвалі ў растворы марганцоўкі. Садавіну, агародніну – усё, што прыходзілася. Пах марганцоўкі дагэтуль не пераношу», – узгадвае Тамара.

«Быў «бача» – няма «бачы»»

«Людзі не прывучаныя працаваць. Яны прывучаныя ваяваць. Чалавечае жыццё каштуе паў пазногця. У суседа дзіця вывалілася з балкона, у палкоўніка афганскага, і нашыя пайшлі выказаць спачуванні. Ён іх не зразумеў! Ён іх проста не зразумеў. Быў «бача» (дзіця – рэд.) – няма «бачы». Будзе іншы «бача». Тады гэта цяжка было маральна. Дзяцей пакінулі ў Гомлі. 86-ты год. Чарнобыль. Па адзінай тэлевізійнай праграме на расейскай мове – ні слова. Дазналася з ліста мамы. Прыйшлося дамагацца, каб выпусцілі з Кабула забраць дзяцей. Добра, што ў Саратаве мы пакінулі кватэру, якую здымалі. І я восем чалавек з Гомельскай вобласці пазбірала і прывезла ў Саратаў. Сама ехала на вайну, думала, што там мір, а атрымалася наадварот».

Сям’я Тамары вярнулася з Афганістана ў 87-м годзе, з таго часу жыве ў Горадні. Сын таксама стаў лётчыкам. Быў паранены ў Чачні, але выжыў.

«30 гадоў, на дзіва, жывем на адным месцы. З мужам жартуем, што гэта плата за тое, што столькі нас па свеце матала».

Кніга другая. «Гісторыя адной станоўчай авантурысткі»

Спадарыня Вольга

«Авантурыст гэта такое слова, якое часта асацыюецца з прахвостам і прахіндзеем, а ўвогуле гэтае слова абазначае прыгоду, – пачынае свой аповед спадарыня Вольга. – Мне 78 гадоў. Пасля вайны было вельмі цяжка. Усе былі беднымі. Я ж нарадзілася ў 40-м годзе ў Менску. Тэлевізараў ніякіх не было, інтэрнэтаў ніякіх не было. Калі мае бацькі купілі першы тэлевізар такі маленькі, то да нас увесь двор сабраўся, віселі на жырандолях, каб толькі паглядзець. У Менску трактарны завод, велазавод, аўтазавод – па гудках клікалі на працу. Гудок гудзіць і людзі спяшаюцца на працу, таму што, калі спознішся, цябе судзілі. Але маё дзяцінства праходзіла ў спагадзе і любові. І мама мая, такая разумнічка, умудралася адпраўляць мяне на канікулы да дзядзі ў Маскву».

Дзядзя спадарыні Вольгі працаваў тады ў канструктарскім бюро легендарнага савецкага авіяканструктара Андрэя Тупалева. Менавіта пад яго кіраўніцтвам было спраектавана звыш сотні тыпаў самалётаў, на якіх было ўстаноўлена 78 сусветных рэкордаў.

Фота дзядзі сп. Вольгі з Хрушчовым і Тупалевым

«Вось ён вазіў у Амерыку групу, гэты самалёт. Вось Хрушчоў, Фурцэва, Радзіон Маліноўскі. Вось гэта Тупалеў, Вось гэта Ніна, жонка Хрушчова, а Вось мой дзядзя» – паказвае гістарычны здымак жанчына. Менавіта дзядзя прывіў спадарыні Вользе цікаўнасць да свету, вадзіў яе па ўсіх маскоўскіх тэатрах, операх і музеях. Ёй давялося бачыць легендарных савецкіх артыстаў балета – Галіну Уланаву, Маю Плесецкую і Марыса Ліепу.

Пасля школы спадарыня Вольга паступіла ў Палітэхнічны інстытут, дзе вучылася на архітэктара. У часе студэнцтва разам з сяброўкамі, з заплечнікамі на спінах па 20 кг, дзяўчаты вандравалі па Каўказе. Наведвалі Архіпа-Восіпаўку, Сухумі, пасля рэйсавым цеплаходам плылі ў Адэсу, а калі скончыліся грошы з боханам хлеба вярталіся цягніком у Менск.

Пасля інстытуту па размеркаванні трапіла ў Горадню, дзе і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Аднак смага да вандровак у авантурнай душы Вольгі не згасала. Па камсамольскіх пуцёўках яна наведала Вугоршчыну і тагачасную Югаславію. Любоў да падарожжаў спадарыня Вольга прывівала таксама сваім дзецям, сына вазіла ў Зорны гарадок да стрыечнай сястры, якая працавала разам з Пятром Клімуком, вядомым савецкім касманаўтам родам з Беларусі, і выводзіла спадарожнікі на арбіту.

Жыццё пасля 50-ці? Толькі пачынаецца!

Час ішоў. Дзеці выраслі, паступілі ў інстытуты, аднак сям’я ўсё роўна старалася некуды выязджаць. Калі спадарыні Вользе блізілася 50 гадоў, яна на сабе адчула, што насуперак стэрэатыпам жыццё толькі пачынаецца. У 88-м годзе ёй удалося паехаць у Канаду, каб сустрэць яшчэ аднаго свайго дзядзю, кантакт з якім сям’я страціла пасля вайны. Ва ўзросце 14-ці гадоў яго вывезлі на працу ў Нямеччыну, а падчас вызвалення адзін з салдатаў-вызваліцеляў, назваўшы яго «прадажнай сволаччу», даў яскрава зразумець, што вярнуцца на радзіму для хлопца без наступстваў не атрымаецца. Цераз Францыю яму ўдалося эміграваць у Канаду. Аднак у савецкія часы кантакт з сям’ёй падтрымліваць было немагчыма.

«Усе баяліся. Дзед баяўся. Мама баялася. Ніякіх адносінаў не паатрымоўвалі. Хто працаваў на прадпрыемствах, тых выганялі. Мая цёця праз Чырвоны Крыж знайшла яго. І, кажа: ты ведаеш ангельскую мову – паедзеш. Яна мне дастала квіток і я паехала. Адна. Пабачыла сваіх братоў і сясцёр. Была ў Ванкуверы, іншых гарадах. Тут я вярнулася. У мяне паявіліся грошы. І атрымалася так, што я ўжо была на пенсіі. Я выпрацавала стаж. І нейкім цудам вырашылася паехаць у Кітай», – узгадвае спадарыня Вольга.

Гэта быў пачатак 90-х, час, калі ўсе, хто мог, спрабавалі сябе ў камерцыі. Разам з турамі тзв. «чаўночнікаў», спадарыня Вольга пачала лётаць у Кітай за шматтысячнымі партыямі джынсаў.

«Падаткаў тады не было. Першапачаткова закупаліся ва Урумчы. А там такі страх. Гэта на мяжы з Казахстанам. Вельмі небяспечна было, кралі вельмі моцна. Потым паляцела ў Пекін. І тут сусед едзе ў Маньчжурыю. Мяне ажно падмывае. Пеця, вазьмі мяне разам! Едуць – маёр МНС, падпалкоўнік МНС. Шасцёра мужыкоў і я адна. У кажуху, зіма. Прыехалі туды. Гэтыя маёры панабіралі гадзіннікаў, фотаапаратаў і адлучыліся на паўгадзіны. За пяць хвілін усё пакралі. Дзіч».

У 94-м годзе сяброўства Кітая з Казахстанам скончылася. Урады краін не падзялілі тысячны кавалак мяжы і «бізнесоўцам» давялося даязджаць да Урумчы аўтобусам, які амаль не з’ехаў у цясніну.

«Нам трэба было пераязджаць цераз перавал. Зіма. Слізкая дарога. Мы едзем і раптам там застопарыўся рух. Аказваецца, у цясніну ўпаў аўтобус. І мы сталі, як усе. І раптам нашаму кіраўніку захацелася выйсці на вуліцу. І ён бачыць, што азадак нашага аўтобуса, паціху з’язджае з гары. Мы ўсе павыскоквалі. Нашыя хлопцы рукамі гэты аўтобус на месца ставілі. Валодзя, майстар спорту, запратэставаў: нікуды я не паеду больш. Пайшоў пешкі, накінуўшы коўдру ў адных красоўках», – узгадвае жанчына.

Пасля 10 гадоў Кітая, пачалася Турцыя. Працуючы са сталымі кліентамі, нараджалася сяброўства. Турэцкая гасціннасць дазволіла жанчыне пабачыць усе моры, якія абмываюць краіну. Падчас адпачынку каля 10 гадоў назад спадарыня Вольга разам з сяброўкай перажыла адзін з мацнейшых землятрусаў Турцыі.

«Ляжым мы ў тым гатэлі і тут гэтая рама ад карціны стала хадзіць. Скрыжэча. Мы ўсё павыключалі. Бягом выйшлі на дарогу. Кажу: калі будуць развальвацца дамы, лягаем галовамі адна да адной пад пандус. Ззаду паліцыя едзе. Гудзяць. Цёмна. Вырубілі святло. Хуткая дапамога. А гэта аказваецца землятрус, 70 км ад таго месца, дзе мы былі. За Басфорам, у бок Чорнага мора. А пазваніць нельга. Мы ўзялі рэчы. А перад гэтым, калі туды ехалі, купілі на ўсялякі выпадак бутэлечку «Смірнова». Кажу Ірка: забяры “Смірнова”! Узялі свае клункі. Нейкім цудам вярнуліся ў Стамбул. У майго турка амаль дзіця не загінула. Паўсюды хаос. У людзей страх. Столькі загінула. Пайшлі на плошчу, там людзі ляжаць з дзецьмі. Землятрус каля 7-мі балаў. Усё развалена. У майго Айнура згарэла фабрыка.

Як нам з’ехаць адтуль? Хоць у Харкаў, хоць куды. Але ўдалося адразу прыляцець у Менск. Мы селі з Іркай на вакзале, разлажыліся. Нас жа ніхто не чакаў. І кажу ёй: давай! За тое, што засталіся жывыя. І ў гэты час падыходзіць два міліцыянера і кажуць «Здасьце! Здраўя жадаю». Кажу: хлопчыкі, калі б Вы ведалі, што мы перажылі. А яны нам : Смачна есці! І сышлі».

У 2011-м у жыцці спадарыні Вольгі пачалася чорная паласа. Адышоў у лепшы свет муж. Праз два з паловай гады яна страціла сына, які загінуў у аварыі. Аднак сіле духа нашай гераіні, могуць пазайздросціць многія. Спадарыня Вольга пачала наведваць кампутарныя курсы пры Універсітэце залатога веку ў Горадні. Пасля пачала шліфаваць сваю і без таго неблагую ангельскую. Цяпер узялася за онлайн-курсы іспанскай мовы, базу якой плануе вывучыць да красавіка, а пасля наведаць цёплую Іспанію.

«Знайшла ў інтэрнэце бразільскага палітолага, які хвастаўся, што за год вывучыў 5 моваў. Чым я горш? Я ж не магу спыніцца! Так што я – станоўчая авантурыстка!», – дадае спадарыня Вольга.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў