За месяц працы без выходных даярка з Глыбоччыны атрымала 82 рублі

video

razlik

Разліковы ліст з заробкам у $ 42

За фізічную працу атрымала заробак, утрая меншы за мінімальны, частку якога выдалі кансервамі.

Юнак з Глыбоцкага раёну апублікаваў у сацыяльных сетках фотаздымак разліковага ліста за кастрычнік сваёй маці, якая працуе аператарам машыннага даення ААТ «Сельцы» (Глыбоцкі раён). За месяц ёй налічылі заробак памерам 82 рублі (каля $ 42).

«Маці працуе без выходных і адпачынкаў. Працоўны дзень – з 5-й да 9-й раніцы, пасля ўвечары з 5-й да 8-й. Бываюць выпадкі, калі даводзіцца даіць дзве групы. На жаль, усе пагалоўна ў калгасе атрымліваюць такі заробак, плюс-мінус 30 рублёў», – распавёў ён.

Аднак і гэтыя 82 рублі жанчына не атрымала на рукі. У разліковым лістку напісана, што сума 11 рублёў 71 капейка «Выд. прод. Браслав-рыб» – гэта значыць, замест грошай жанчыне далі рыбныя кансервы. Яшчэ 30 рублёў вылічылі за скаціну, якую работніца набывала ў гаспадаркі.

У жанчыны – пяцёра дзяцей. Двое сыноў ужо старэйшыя і маюць свае сем’і. Юнак, які апублікаваў разліковы лісток маці, праз дзень будзе прызваны ў войска. І дзве дачкі – адна студэнтка, другая вучыцца ў школе. Учора хлопец узяў разліковы лісток маці і паехаў у Менск, паспрабаваў трапіць на асабісты прыём у Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак яму гэта не ўдалося.

Менш за мінімальны заробак

Памер мінімальнага заробку ў Рэспубліцы Беларусь усталёўвае Савет Міністраў. З 1 студзеня 2016 года працадаўца павінен плаціць работніку не меней, чым 230 рублёў на месяц. Аднак у шмат якіх прадпрыемствах сельскай гаспадаркі гэтая норма не выконваецца ўжо некалькі год.

Рэпартаж «Белсату» пра Шаркаўшчыну, дзе самыя малыя заробкі па краіне

Праца без выходных і адпачынкаў – гэта парушэнне Працоўнага кодэксу. Выдача прадукцыі замест выплаты часткі заробку таксама незаконная. Гэтыя практыкі пашыраныя ў аграрным сектары Віцебскай вобласці на працягу апошніх некалькіх гадоў.

Пра катастрафічную сітуацыю з выплатай заробкаў у сельскіх гаспадарках Віцебскай вобласці паведамлялася ў сёлетнім лютым. У большасці гаспадарак выплаты работнікам затрымлівалі на некалькі месяцаў. У ААТ «Сельцы» сцвярджалі, што «заробак складае 500.000 – 800.000 рублёў. На 200 тысяч ведаецца прадукцыяй». Амаль год прайшоў, а лепей у гэтай гаспадарцы не стала.

Людзі ў вёсцы не вераць у магчымасць змяніць сітуацыю, або баяцца помсты начальства – ці проста не ведаюць, куды звярнуцца ў такой сітуацыі.

НМ, belsat.eu, паводле Westki.info

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары