За менскім парадам назіраў генерал, які кіраваў расейскай групоўкай на Данбасе


Андрэй Сердзюкоў

За вайсковым парадам у Менску 3 ліпеня назірала расейская дэлегацыя на чале з камандуючым Паветрана-дэсантных войскаў Узброеных сілаў Расеі генералам–палкоўнікам Андрэем Сердзюковым – ва Украіне лічаць, што ён непасрэдна кіраваў расейскай армейскай групоўкай на Данбасе падчас ваенных дзеянняў у 2014-2015 гг.

Андрэй Сердзюкоў прыбыў у Менск 2 ліпеня – у гэты ж дзень у яго адбылася сустрэча з міністрам абароны Беларусі Андрэем Раўковым.

Служба бяспекі Украіны яшчэ ў 2015 годзе заяўляла, што расейскай арміяй на Данбасе кіруе Андрэй Сердзюкоў, які меў пазыўны «Седов». На той момант ён займаў пасаду начальніка штабу – першага намесніка камандуючага Паўднёвай вайсковай акругі РФ.

Украінскі праект «Міратворац», удзельнікі якога збіраюць інфармацыю на асобаў, датычных да агрэсіі Расеі супраць Украіны, так характарызуе Сердзюкова:

«Па яго ўказанні і пры яго непасрэдным удзеле ажыццяўлялася планаванне агрэсіі супраць Украіны, перакідка сіл уварвання на тэрыторыю Украіны і іх забеспячэнне».

На біяграфію Сердзюкова звяртае ўвагу ў сваім Фэйсбуку рэдактар беларускай службы сайту InformNapalm Дзяніс Івашын.

«Удзел Сярдзюкова на парадзе ў Менску – гэта перадусім дэманстрацыя так званых хаўрусніцкіх дачыненняў паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, шчырае і адкрытае стаўленне апошняга да праеўрапейскай і дэмакратычнай Украіны», – мяркуе Івашын.

Расейскімі вайскоўцамі на парадзе ў Менску кіруе асабіста камандуючы ПДВ ЗС РФ генэрал-палкоўнік Андрэй Сердзюкоў. Павод…

Publié par Дзяніс Івашын sur lundi 3 juillet 2017

Журналіст адзначае, што апошнім часам значна павысілася колькасць супольных вучэнняў беларускіх Сілаў Спецыяльных Аперацыяў з расейскімі падраздзяленнямі, якія маюць значны досвед баявых дзеянняў ва Украіне. Паводле Івашына, ёсць «вялікая верагоднасць таго, што дзеля свайго самазахавання рэжым можа забяспечыць вайсковую дапамогу свайму асноўнаму хаўрусніку, Расейскай Федэрацыі».

 

ІІ, belsat.eu; фота – gazeta.ru

Глядзі таксама
Каментары