За лістапад у Беларусі звольнілі амаль 60 тысяч працаўнікоў


Знайсці працу ў мінулым месяцы змаглі 47,2 тысячы чалавек, у тым ліку на дадаткова ўведзеныя працоўныя месцы – 2,6 тысячы чалавек. Адпаведную статыстыку прадставіў Белстат.

Колькасць звольненых працаўнікоў перавышае колькасць прынятых на працу ўпершыню за апошнія тры месяцы. Так, у верасні – на 4,5 тысячы чалавек нанялі больш, чым звольнілі, а ў кастрычніку – на 3,1 тысячы больш.

У лістападзе ў многіх галінах больш актыўна звальнялі супрацоўнікаў, чым прымалі на працу. Гэткая сітуацыя назіралася ў рыбалоўстве і рыбаводстве (-69,2%), сельскай гаспадарцы, паляванні і лясной гаспадарцы (-42,7%), прамысловасці (-40,8%), будаўніцтве (-32%), на транспарце і сувязі (-23,9%), у фінансавай дзейнасці (-21,8%), гасцінічным і рэстаранным бізнесе (-12,4%), у гандлі (-10,4%).

Пазітыўны баланс працаўладкавання быў у сферы прадстаўлення камунальных паслуг (+ 25,7%), адукацыі (+ 23,3%), ахове здароўя (16,1 +%). Большасць новых працоўных месцаў за лістапад прыпадае на гандаль (871), прамысловасць (528) і будаўніцтва (400).

У лістападзе ў Беларусі ўпершыню за апошнія пяць месяцаў вырасла беспрацоўе. Узровень беспрацоўя вырас у дзвюх вобласцях – Менскай (да 0,9%) і Магілёўскай (да 1,1%). У іншых рэгіёнах гэты паказнік захаваўся на ранейшым узроўні: у Гомельскай вобласці – 1,2%, у Віцебскай, Берасцейскай і Гарадзенскай – 1,1%, у Менску – 0,6%.

ДР, belsat.eu паводле tut.by

Глядзі таксама
Каментары