За колькі смерць прадаяце, спадарства?


Фрагмент карціны Гіеронімуса Босха «Страшны суд»

МЗС Беларусі нагадаў пра непераадольнае жаданне забіваць і нацыянальныя інтарэсы, а еўрапейскі дыпламат паскардзіўся на паспешную пастанову ЕЗ адмяніць санкцыі супраць Беларусі.

Большасць насельніцтва Беларусі па-ранейшаму падтрымлівае захаванне ў краіне смяротнага пакарання, заявіў намеснік міністра замежных справаў Валянцін Рыбакоў на міжнароднай канферэнцыі «Смяротнае пакаранне: пераадоленне рознагалоссяў», што ладзіцца 10 сакавіка ў Менску.

«Як усім нам добра вядома, большасць беларускіх грамадзянаў на рэферэндуме 1996 года выказалася за захаванне смяротнага пакарання. І неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся, сведчаць пра тое, што смяротнае пакаранне па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве і па-ранейшаму мы маем большасць прыхільнікаў яго захавання. Гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку і ў кантэксце нашага дыялогу з нашымі вельмішаноўнымі еўрапейскімі партнёрамі», – заявіў Рыбакоў, падкрэсліўшы, што міжнароднае права не забараняе смяротнае пакаранне.

Запрошаны міжнародную канферэнцыю былы кіраўнік МЗС Чэхіі і актыўны прыхільнік адмены смяротнага пакарання Карэл Шварцэнбэрг 9 сакавіка сустрэўся са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання. На сустрэчу прыехалі родныя Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага, асуджаных у 2016 годзе да выключнай меры пакарання. Таксама на сустрэчы прысутнічалі амбасадар Чэхіі ў Беларусі, праваабаронцы і маці Уладзіслава Кавалёва, якога расстралялі ў 2012 годзе.

Шварцэнбэрг мяркуе, што афіцыйны Менск гатовы пайсці на саступкі ў пытанні мараторыя ці адмены смяротнага пакарання.

«Вядома, што цяпер у Беларусі складаная фінансавая сітуацыя, таму некаторыя зрухі ў сферы правоў чалавека магчымыя», – падкрэсліў Шварцэнбэрг.

Замежны палітык таксама пракаментаваў адмену еўрапейскіх санкцыяў у дачыненні да Беларусі, якія, паводле дыпламата, трэба было адмяняць пасля мараторыя на смяротнае пакаранне.

«Я вялікі скептык, я б аддаў перавагу раўназначнаму абмену. Адна саступка ў абмен на адну саступку. Так, Менск вызваліў палітвязняў, але гэтага вельмі мала. Адмяняць за гэта ўсе санкцыі няправільна», – заявіў Шварцэнбэрг у каментары для tut.by.

У сваю чаргу намеснік міністра змажных справаў Беларусі адзначыў, што нашая краіна можа абмяркоўваць пытанні смяротнага пакарання, але «рашэнне любых праблемаў варта шукаць не ў плоскасці канфрантацыі, а шляхам паважлівага дыялогу, улічваючы асаблівасці і нацыянальныя інтарэсы краіны».

ЮВ, belsat.eu, паводоле tut.by, belapan.by

Стужка навінаў