За грошы суботніку менскі шпіталь хуткай дапамогі набудзе новыя ложкі

ВІДЭА

Больніца атрымае на новае абсталяванне больш за Br 3,5 млн.

Ужо напрыканцы ўчорашняга суботніку стала вядома, што ўлады сабралі каля 7,5 млн рублёў. «Беларускія навіны» падлічылі, што за дзень працы кожны ўнёс у бюджэт 2,5 рублі.

Суботнік – справа добраахвотная: ўдзельнічаць у ім трэба абавязкова. Аднак, можна і адкупіцца. У размове з карэспандэнтам «Белсату» менчукі прызнаваліся, што здалі для гэтага 8 рублёў.

Амаль столькі – крыху больш за Br 7 млн – дзяржаўнаму скарбу ўдалося атрымаць летась. Пазалетась падчас суботніку было сабрана амаль 6,8 млн (68 млрд старымі рублямі).

Палову «заробленых» грошай аблвыканкамы і Менгарвыканкам пералічваюць Міністэрству фінансаў. Сёлета Мінфін накіруе гэтыя сродкі ў Міністэрства аховы здароўя, падае старонка Саўміну.

«Частку заробленых сродкаў, якая пойдзе ў рэспубліканскі фонд, выкарыстаюць на даабсталёўванне больніцы хуткай медычнай дапамогі ў Менску. Гэта робіцца ў межах падрыхтоўкі да Еўрапейскіх гульняў 2019 года, – адзначыў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. – Мы палічылі, што нам неабходна павялічыць магчымасці па абслугоўванні асобаў, якім можа спатрэбіцца медычная дапамога».

Шпіталь выдаткуе грошы на арганізацыю дадатковых кругласутачных пастоў і рэзервовых ложкаў на выпадак экстранай шпіталізацыі ўдзельнікаў і гасцей II Еўрапейскіх гульняў, якія адбудуцца налета.

Другая палова грошай павінная пайсці на добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан гарадоў, мястэчак і вёсак.

ДД

Глядзі таксама
Каментары