Маці Ігара Пцічкіна не атрымала ніводнага рубля кампенсацыі ад МУС


Міністэрства ўнутраных спраў звярнулася за тлумачэннямі ў суд Заводскага раёну Менску наконт выканання судовага рашэння па справе аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1.

Пра гэта паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Нагадаем, суд Заводскага раёну 23 сакавіка пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных справаў 30 тыс. рублёў маральнай і яшчэ 6 тыс. рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.

Аднак МУС палічыў, што, па-першае, сума завышаная, па-другое, яе мусіць сплочваць Міністэрства фінансаў і, зыходзячы з гэтага міліцэйскае ведамства звярнулася з касацыйнай скаргай у Менскі гарадскі суд. Касацыйную скаргу Мінгарсуд разгледзеў 25 траўня і пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў, за выключэннем аднаго пункту – з МУС ня будзе спаганяцца дзяржаўны збор за разгляд справы ў судзе.

Судовае рашэнне ўступіла ў сілу 25 траўня, аднак дагэтуль маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампенсацыі. МУС па-ранейшаму выкарыстоўвае розныя зачэпкі, каб адмовіцца ад выплаты кампенсацыі.

Таму і звярнуліся ягоныя прадстаўнікі ў суд Заводскага раёну з заявай аб растлумачэнні судовага рашэння: маўляў, Міністэрства ўнутраных спраў – бюджэтная арганізацыя і парадку выплаты кампенсацый не прадугледжана.

«Планам рахункаў Міністэрства ўнутраных справаў не прадугледжаныя выплаты на выкананні рашэнняў судоў у частцы пакрыцця грамадзянам прычыненай шкоды. Адпаведнага бюджэтнага фінансавання міністэрства не атрымлівае«, – паведамляецца ў лісце МУС.

З гэтай нагоды Жана Пцічкіна звярнулася ў Праваабарончы цэнтр «Вясна», каб з дапамогай праваабаронцаў паспрабаваць вырашыць праблемную сітуацыю і прымусіць міліцэйскае ведамства выканаць абавязальніцтвы, ускладзеныя на яго судом.

Мянчук Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адседкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятару заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў