За год беларускія суды пакаралі незалежных журналістаў на 100 млн рублёў


[vc_single_image image=”0″ img_size=”large”]

Пакуль у Берасці незалежныя журналісты працягваюць аспрэчваць рашэнні судоў, гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову штрафуюць ужо трэці раз у гэтым годзе.

Незалежная журналістка з Гомля Ларыса Шчыракова атрымала 25 базавых велічыняў (4,5 млн рублёў) штрафу на падставе часткі 2 артыкула 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі»).

Такое рашэнне вынесла суддзя Суду Рэчыцкага раёну Святлана Пырх. Паводле пастановы суда, 6 лютага ў Рэчыцы на рынку «Славянскі» Шчыракова, «не з’яўляючыся журналістам СМІ, не маючы на тое права, правяла інтэрв’юіраванне грамадзянаў, падрыхтавала відэасюжэт пад назвай.

Пасля ён пад назвай «Адміністрацыя рынку ў Рэчыцы рабуе гандляроў» з’явілся на сайце тэлеканалу «Белсат».

Такое ж «парушэнне», паводле судовай пастановы, Ларыса Шчыракова ўчыніла і 12 лютага, падрыхтаваўшы відэасюжэт «Нялюдскія ўмовы на Рэчыцкім рынку» – і таксама нібыта размясціла на сайце тэлеканала «Белсат». Да гэтага Шчыракову штрафавалі на 25 і 20 базавых велічынь, сума накладзеных на яе штрафаў дасягнула 8 млн рублёў.

Яшчэ большы штраф вымушаны заплаціць незалежны журналіст з Берасця Алесь Ляўчук, якога таксама вінавацяць у працы на тэлеканал «Белсат». 24 снежня мінулага году суд Ленінскага раёну Берасця прысудзіў журналісту штраф – 6 млн рублёў, а 26 сакавіка суд Маскоўскага раёну – яшчэ амаль 4 млн рублёў. Сёння журналіст падаў скаргі на гэтыя рашэнні ў Берасцейскі абласны суд.

«Першы штраф я ўжо заплаціў, – распавядае Belsat.eu Алесь Ляўчук. – Судовыя выканаўцы не далі мне ніякай адтэрміноўкі. Калі сказаў, што буду абскарджваць рашэнні судоў у вышэйшых інстанцыях, судовы выканаўца заявіў: «А хто сказаў, што вы там выйграеце?» Суд па другой маёй справе прайшоў нават без майго ўдзелу. Суд не палічыў патрэбным нават выклікаць мяне, як таго патрабуе закон, на судовае паседжанне. Улады шыюць незалежным журналістам адміністрацыйныя справы, але нават не могуць усё зрабіць па законе».

10 красавіка Алесь Ляўчук падаў адразу дзве скаргі ў Берасцейскі абласны суд, у якіх просіць адмяніць рашэнні судоў Ленінскага і Маскоўскага раёнаў Берасця і Берасцейскага абласнога суда. Журналіст хоча абскардзіць прысуды ва ўсіх беларускіх інстанцыях, а пасля – звярнуцца ў міжнародныя арганізацыі.

Таксама 10 красавіка ў Берасцейскі абласны суд звярнулася журналістка Іна Хоміч, якой суддзя Маскоўскага раёну Берасця Раіса Лабачэўская 1 сакавіка прызначыла штраф у памеры 5,4 млн рублёў па тым жа артыкуле.

«Першапачаткова збіралася звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Але праваабаронцы ўпэўнілі мяне, што спачатку трэба звярнуцца ў абласны суд, бо інакш Канстытуцыйны суд можа нават не разгледзець мой зварот. Я сумняюся, што абласны суд верне маю справу зноў у суд Маскоўскага раёну, але вельмі важна гаварыць кожны раз, што ў Беларусі парушаюцца правы журналістаў», – кажа Іна Хоміч.

За год, пачынаючы з красавіка 2014 года, беларускія незалежныя журналісты атрымалі штрафаў на 100 млн рублёў. Дзесяць падобных справаў было ў 2014 гаду – суды вынеслі штрафаў на 52 млн рублёў, і ўжо дзевяць за першыя месяцы 2015 году, па якіх суды пакаралі незалежных журналістаў амаль на 47 млн рублёў. Некалькі справаў супраць незалежных журналістаў Горадні і Берасця пакуль яшчэ толькі распрацоўваюцца.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў