За галадоўку – штраф $ 100. «Хутка трэба будзе прасіць дазволу, каб есці ці дыхаць?»


Чацвярых звольненых з бабруйскага заводу сябраў Свабоднага прафсаюзу, што галадоўкай дамагаліся аднаўлення на працы, асудзілі за арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

«Дзяржава абагаціцца за наш кошт»

Былыя працаўнікі заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) мусяць заплаціць штраф Br 1 млн 50 тыс. рублёў кожны.

Справу разглядала суддзя Бабруйскага раёну і гораду Бабруйску Наталля Шэгеда.

На судзе галадоўнікі заявілі, што не прызнаюць сябе вінаватымі ў якім-кольвечы правапарушэнні.

«Мы нічога не парушалі. Мы адстойвалі свае правы, нас давялі да гэтага кроку, і мы не шкадуем, што пайшлі на гэта, – кажа Мікалай Жыбуль. – Яны судзяць нас таму, што спужаліся. Таму і нас хочуць запужаць, і паказаць сваю сілу і ўладу. Дзяржава абагаціцца за кошт нас, цяпер беспрацоўных».

«Яны вырашылі нас узорна пакараць, відаць, каб іншым не вабна было, у настаўленне», – зазначыў Алег Шаўчэнка.

Міхаіл Кавалькоў, старшыня Свабоднага прафсаюзу беларускага, лічыць, што гэта скрайні абсурд – судзіць за галадоўку.

«Людзей караюць за то, што яны добрасумленна выконвалі сваю працу, і пры гэтым не баяліся мець свае погляды, – кажа прафсаюзны лідар. – За добрасумленную працу іх выгналі, а за спробу адстаяць права на працу іх цяпер судзяць. Гэта паказвае абсурднасць нашага заканадаўства – лічыць галадоўку, гэты крок адчаю, несанкцыянаваным пікетам. Атрымліваецца, што каб галадаць – трэба прасіць дазволу ва ўлады? Можа, хутка трэба будзе прасіць дазволу, каб есці ці дыхаць?»

За 30 гадоў працы – на вуліцу і пад суд

Аляксандр Варанкін, Мікалай Жыбуль, Алег Шаўчэнка і Аляксандр Грамыка былі звольненыя з заводу ТДіА гэтай восенню. Усе чацвёра – сябры Свабоднага прафсаюзу беларускага. Аляксандр Варанкін прапрацаваў на заводзе 17 гадоў. Мікалай Жыбуль – 30 гадоў. Аляксандр Грамыка і Алег Шаўчэнка маюць стаж 13 і 15 гадоў. За час працы ніхто з іх не меў заўвагаў ці спагнанняў.

З чацвярых толькі Аляксандр Варанкін знайшоў новую працу. Мікалаю Жыбулю засталося ўсяго два гады да пенсіі.

За дапамогай былыя працаўнікі заводу ТДіА звярталіся да Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ ў кастрычніку яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта калектыўны зварот, у якім распавялі пра палітыку дыскрымінацыі ў адносінах да Свабоднага прафсаюзу з боку дырэктара заводу Аляксандра Аграновіча.

Атрымаўшы ў адказ на свой зварот адпіску, працаўнікі пайшлі на адчайны крок – дамагацца аднаўлення на працы галадоўкай. Чацвёра мужчын галадалі з 5 па 14 лістапада. Дырэктар заводу ніяк не каментаваў сітуацыю. Затое хутка адрэагавала бабруйская міліцыя. Вядомы сваймі расправамі з актывістамі падпалкоўнік Сяргей Рудзько склаў на сябраў СПБ пратаколы і абвінаваціў паводле артыкула 23.34 КоАП – парушэнне парадку правядзення мітынгаў і пікетаў.

Свабодны прафсаюз беларускі на бабруйскім заводзе Трактарных дэталяў і агрэгатаў на працягу ўжо некалькіх год трывае сталы ціск з боку адміністрацыі. «Белсат» неаднойчы пісаў пра звальненні і дыскрымінацыю працаўнікоў – сябраў СПБ. Каб прымусіць людзей выйсці са Свабоднага прафсаюзу, кіраўніцтва заводу ўжывае розныя метады – спрабуе падкупіць, абяцае грошы за пераход у афіцыйны прафсаюз, пазбаўляе дадатковых выплатаў, пагражае звальненнямі. Калі подкупы і пагрозы не дапамагаюць – з сябрамі СПБ не працягваюць кантракты.

Алена Краўчанка, belsat.eu

Стужка навінаў