За фотаздымкі са шпіталя медсёстры робяць пацыенту гадасці


Яўген Скрабутан вядзе «Інстаграм» з Цэнтральнага гарадскога шпіталя Берасця. Здымкі не падабаюцца медыкам.

Яўген Скрабутан летась пераехаў у Варшаву, каб атрымаць паслядыпломную адукацыю. Днямі мужчына спускаўся па лесвіцы і няўдала падвярнуў нагу. Аказалася, што цяпер яму патрабуецца аперацыя на шчыкалатцы. Калі страхавая кампанія даведалася кошт аперацыі – каля $ 3 000, – беларуса адвезлі на радзіму – маўляў, аперацыя не планавая, і такі транспарт прадугледжаны ўмовамі страхоўкі. «Мяне везлі на машыне хуткай дапамогі, польскую мяжу прайшлі за тры хвіліны, беларускую – за 30, бо кіроўцы прыйшлося запаўняць міграцыйныя карткі і дакументы на часовы ўвоз аўтамабіля, але гэта ўсё роўна хутка», – распавядае студэнт.

«Гэты была мая самая хутка паездка з Варшавы ў Берасце за ўсю гісторыю», – кажа Яўген.

У мінулую пятніцу мужчыну паклалі ў Цэнтральны гарадскі шпіталь Берасця.

«У першы дзень адна з медсясцёр прапанавала аднесці аналіз мачы ў прыбіральню ў бутэлечцы. Але як я занясу, калі я на кастылях хаджу? Кажа: у зубы вазьмі», – распавядае пацыент.

Знаходзячыся ў шпіталі, Яўген працягвае весці «Інстаграм».

«Калі яна знайшла мой інстаграм, патэлефанавала доктару і распавяла ўсё. Лекар пакрыўдзіўся на фотаздымак унітаза. Прыйшоў да мяне, сказаў пра гэта. Таксама сказаў, навошта я здымаю ежу – маўляў, у шпіталі трэба хварэць, а не займацца ўсялякай лухтой. Я ў яго запытаўся, ці ён чытаў допісы – пра тое, што ежа класная. Адзінае – не ведаю, як на гэты ўнітаз залазіць. У мяне зламаная нага – сесці на ўнітаз я не магу, бо няма пластыкавай крышкі, на «трон» таксама сам не дам рады залезці», – кажа Яўген.

Учора адна з медсясцёр наліла пацыенту гарбату ў кубак з учарашнім кісялём.

«Я думаў, што гэта было выпадкова, але па паводзінах бачна, што гэта дробныя… ну не помсты, а гадасці: учора адна з медсясцёр не прынесла мне ежу – сказала, каб ішоў у сталоўку сам, хаця за гадзіну да гэтага мне доктар сказаў увогуле з ложка не ўставаць. Павячэраў бананам са сваіх запасаў», – распавядае мужчына.

Агулам Яўген задаволены прафесіяналізмам і аператыўнасцю лекараў.

«Да медыкаў прэтэнзіяў у мяне няма. У панядзелак зрабілі аперацыю – доктар сказаў, што атрымалася ўсё вельмі добра».

Медсястра, якая адкрыла «Інстаграм» Яўгена, пазаўчора напісала, што ў сваю змену будзе ставіць Яўгену клізмы тры разы на дзень.

«Яна сёння выйшла на працу, – кажа Яўген. – Але клізму паставіць не паспее – мяне ўжо выпісваюць».

  • Яўген Скрабутан – удзельнік кампаніі «За малы памежны рух». У студзені ён каментаваў пашырэнне безвізаважага рэжыму на Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне да 10 дзён ў студыі «Белсату».

Дзяніс Дзюба

Стужка навінаў