За дзень да Божага Нараджэння. Як у цэрквах рыхтуюцца да свята?


У ноч з 6 на 7 студзеня ў праваслаўных бажніцах праходзяць калядныя набажэнствы. А як рыхтуюцца да свята Нараджэння Хрыстовага ў праваслаўнай царквы?

У прыходзе Святога Архангела Міхаіла ў Менску карэспандэнтаў belsat.eu сустракаюць настаяцель царквы протаіерэй Ігар Галакоў і дыякан Дзмітрый.

Калядная куцця, або Навячэрʼе Нараджэння Хрыстова, праваслаўныя вернікі адзначаюць 6 студзеня. У гэты дзень, пасля ранішняга набажэнства ў царкве, яны ўстрымліваюцца ад прыняцця ежы да зʼяўлення на небе першай зоркі, якая зʼяўляецца сімвалам зоркі, што ўзышла над Бэтлеемам у момант нараджэння Хрыста.

Адно з галоўных месцаў у царкве – аналой (высокі вузкі столік на які кладуць абраз, крыж або Евангелле) у цэнтры бажніцы. На ім – абраз Раства з выяваю сакральнага моманту Нараджэння Хрыстова.

Калі зазіхацела Віфлеемская зорка, вешчуны вызначылі, дзе нарадзіўся Хрыстос. Іудзеі чакалі нараджэння Цара мірскага, які пазбавіў бы іх ад рабства і дапамог стварыць сваю дзяржаву. Але нарадзіўся не зямны цар, а нябёсны. У дары яму вешчуны прынеслі ладан, смірну і золата – знакі багацця і валадарання.

Хрыстос нарадзіўся уночы, таму і праводзіцца начная літургія з 6 на 7 студзеня. Абраз Раства знаходзіцца ў бажніцы з 6 да 13 студзеня і перад вячэрняй службаю упрыгожваецца яловым вянком, сімвалам вечназялёнага жывога дрэва.

Свята Божага Нараджэння доўжыцца да Абразання Гасподняга. Пасля надыходзіць перыяд Вадохрышча. Усе гэтыя святы звязаныя з жыццём Хрыста і ахопліваюць перыяд з 7 па 18 студзеня. У царкве яны называюцца Святкі. Адзенне святароў у перыяд царкоўных святаў адрозніваецца ад адзення падчас звычайнай службы. Так, напрыклад, на Вялікдзень яна павінна быць чырвонага колеру, а ў перыяд калядных набажэнстваў, Вадохрышча Гасподняга і святак залацістыя адзенні замяняюць на белыя.

 

Адзенне святара для Каляднага Набажэнства

Ёсць у праваслаўнай традыцыі і калядоўшчыкі, але яны адрозніваюцца ад звыклых «паганскіх». У царкве такіх людзей называюць Богаславы. Яны не пераапранаюцца ў такія ахарактэрныя касцюмы, як калядоўшчыкі і прыходзяць да сваіх знаёмых, спяваюць царкоўныя спевы ў час святак.

У некаторых храмах да свята ставяць батлейкі з фігурамі немаўля, ягнят і вешчуноў, якія сімвалізуюць Нараджэнне Хрыста.

Вечаровае Каляднае Набажэнства ў бажніцы пачынаецца а 6-й раніцы 6 студзеня. Да Божага Нараджэння вернікі захоўваюць 40-дзённы пост. 6 студзеня ад ранішняй службы і ажно да першай зоркі вернікі не прымаюць ежы, а толькі пʼюць ваду. Увечары адбываецца памазанне адмысловым маслам, асвятленне хлеба, проса і віна.

Традыцыйна Калядная служба адбываецца з адчыненай Царскай брамаю, каб усе змаглі ўбачыць, што адбываецца ў алтары. У алтары ў гэты час здзяйсняецца праскамідыі, першая частка літургіі, падчас якой праходзіць падрыхтоўка да Набажэнству: кладуць адмысловы посуд, інструменты, віно, прасфора, чытаюць малітвы.

Хлеб, які прынята выкарыстоўваць у царкве, называецца прасфора. Ён робіцца ў адмысловай прасфорне з мукі, вадохрышчанскай вады і дрожджаў. Спачатку робіцца закваска, з малітваю замешваюць цеста. У Каляды пры бажніцы гэтак жа пякуць адмысловы круглы Калядны хлеб. Выпечка такога хлеба – гэта вельмі доўгі і карпатлівы працэс, які займае цэлы дзень. Рыхтуюць яго, як кажуць прасфорніцы, паводле волі Божай і са словам Божым.

Вікторыя Сінчыліна / МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў