За дакучлівае каханне да святара яе адправілі на «хімію». «Шчымлівая» гісторыя ад працаўніка лідскай пракуратуры


Суд Лідскага раёну прызнаў дзяўчыну (імя і прозвішча не разгалошваюцца) вінаватай у распаўсюдзе ў інтэрнэце ілжывай інфармацыі пра мясцовага ксяндза, ў якога яна закахалася. Ксёндз быў непрыступны і напісаў заяву ў міліцыю.

Суд пастанавіў адправіць дзяўчыну (узрост таксама невядомы) у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (г. зв. «хімія»), паведамляе «Лідская газета».

«Ці ўсведамляе яна ў поўнай меры, што парушыла не толькі свецкае заканадаўства, за што была пакараная, але і Закон Божы?», – задаецца пытаннем намеснік пракурора лідскага раёну Дзяніс Корда ў тэксце, апублікаваным у мясцовым выданні.

«Нямала жанчын шукаюць і знаходзяць у асобе святароў сваю апору. І нічога тут дзіўнага няма. Бо духоўнік заўсёды дапаможа разабрацца ў супярэчлівых думках і сітуацыях, наставіць на шлях праўдзівы. У гісторыі, пра якую пойдзе гаворка, маладая дзяўчына (назавем яе Вольга) не толькі свядома адышла ад усіх канонаў узаемаадносінаў святара з прыхаджанамі, але і здзейсніла злачынства, навязваючы яму сваё каханне», – піша працаўнік пракуратуры.

Паводле Дзяніса Корды, Вольга нарадзілася і вырасла ў Лідзе. Летам заўсёды ездзіла да бабулі ў вёску. Там яна сустрэла «прыгожага хлопца» і – закахалася.

«Пасля школы малады чалавек паступіў вучыцца на святара, а пазней ён быў накіраваны служыць у адзін з лідскіх касцёлаў. Вольга апынулася прыхаджанкай менавіта гэтага касцёлу. Пачуцці дзяўчыны ўспыхнулі з новай сілай, і яна стала выкарыстоўваць любую магчымасць, каб пагутарыць са святаром, а неўзабаве прызналася яму ў каханні», – піша Дзяніс Корда.

Малады ксёндз паспрабаваў растлумачыць Вользе, што ў іх нічога не атрымаецца, бо каталіцкі святар не можа ажаніцца і мець дзяцей, «ды і пачуццяў, на якія спадзяецца дзяўчына, ён да яе ніколі не меў».

Праз некаторы час святара перавялі ў суседні раён. Вольга даведалася, дзе жыве яе абраннік, і разбіўшы вакно, залезла ў будынак парафійнага дому, дзе жыў ксёндз. Пазней выліла на капот яго асабістага аўтамабіля вадкасць для зняцця лаку. Ксёндз не вытрымаў і звярнуўся ў міліцыю. Была ўзбуджаная крымінальная справа. Суд Лідскага раёну прысудзіў Вольгу да 240 гадзінаў грамадскіх працаў.

Пасля грамадскіх працаў каханне не згасла, піша намеснік пракурора лідскага раёну. «На сайце «Аднакласнікі» дзяўчына назвала сваю асабістую старонку імем і прозвішчам святара, паказаўшы на ёй дадзеныя маладога чалавека і апублікаваўшы фатаграфіі. Яна дадала ў свае сябры больш за паўсотні знаёмых святара. А таксама знайшла выпадковыя фатаграфіі маленькіх дзяцей і змясціла на старонцы, (намякаючы, што гэта дзеці святара, – заўв. belsat.eu)».

У выніку суд Лідскага раёну прызнаў дзяўчыну вінаватай у распаўсюдзе ілжывай інфармацыі.

«І яшчэ хочацца дадаць, што сапраўднае каханне – сапраўды светлае, чыстае пачуццё. А любоўю, падобнай Вольгінай, ашчаслівіць нельга ні сябе, ні абранніка», – завяршае свой артыкул працаўнік лідскай пракуратуры.

ЮВ, belsat.eu, паводле «Лідская газета»

Глядзі таксама
Каментары