За Цярэшчанку «падпісваліся» нават нябожчыкі


У Горадні ўсе 11 509 подпісаў, сабраныя ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты, прызнаныя несапраўднымі.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў падчас праверкі выявілі, што подпісы фальсіфікаваныя: у падпісных лістах значацца аўтографы нябожчыкаў і людзей, існаванне якіх не пацвярджаюць супрацоўнікі службы па грамадзянству і міграцыі, паведамляе радыё «Рацыя».

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка і яго ініцыятыўная група не сабралі ў Горадні ніводнага сапраўднага подпісу, канстатуе незалежны назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель: «Узятыя на праверку подпісы прызнаныя несапраўднымі. Нам, назіральнікам, паказалі адказы абласнога Упраўлення ўнутраных спраў, у якіх утрымлівалася інфармацыя пра тое, што ў падпісных лістах нумары пашпартоў не супадаюць з прозвішчамі людзей і ўсе подпісы непраўдзівыя».

Справа аб падробленых подпісах ініцыятыўнай групай Віктара Цярэшчанкі павінна разбірацца на бліжэйшым паседжанні Цэнтральнай выбарчай камісіі. У Гарадзенскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі паведамілі, што ўсе неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць факт фальсіфікацыі, будуць высланыя ў Менск. Не выключана, што справай зацікавяцца супрацоўнікі міліцыі і яна будзе мець крымінальнае адценне.

Паводле інфармацыі сайту vybory2015.by, ініцыятыўная група Віктара Цярэшчанкі падала ў Цэнтрвыбаркам 130 тыс. 404 подпісы.

МЯ, паводле racyja.com, vybory2015.by

Стужка навінаў