За беларускамоўны клас!


Змаганне за права вучыцца на роднай мове. Бацькі з Берасця працягвае шукаць ахвотных запісацца ў беларускамоўны клас. Плануецца, што новая навучальная група пачне працу на базе сярэдняй школы нумар дваццаць дзевяць.

«Я паглядзела школьную праграму. Там усё тое, што было пры савецкім саюзе: тыя ж «Муму» і «Кавказский пленник». Беларускага там амаль няма. А мы будзем праходзіць сваё беларускае. Гэта цэлы свет. Тое, што мы ў свой час прапусцілі», – гаворыць Маргарыта Вялічкіна, маці вучня.

Пакуль падалі пяць заяваў. Бацькі зацікаўленыя, каб клас быў як мага большы. Гэта б дазволіла пераканаць чыноўнікаў гарадскога аддзелу адукацыі, якія лічаць, што ствараць клас для некалькіх асобаў – папросту дорага. Для дзетак жа гэта шанец працягнуць адукацыю па-беларуску.

«Беларуская мова – гэта мая родная мова. Я не хачу яе ніколі забыць», – кажа малы Францішак.

Сёлета ў Берасці скончыла працу беларускамоўная група на базе пачатковай школы. Вучні мусяць ісці ў пяты клас, дзе пачнуцца профільныя заняткі. Са словаў бацькоў, знайсці настаўнікаў, якія настолькі добра валодаюць беларускаю моваю, каб весці матэматыку ці фізіку ў старэйшых класах, можа быць складана. Зрэшты, калі і атрымаецца адкрыць беларускамоўны клас, ён будзе адзіны ў Берасці. І гэта ўжо тэндэнцыя н(я) толькі заходняга гораду, але і ўсёй Беларусі.

«Першапачаткова, калі бацькі прыходзяць у школу ім даюць заявы на расейскай мове. Няма нават фармуляра на беларускай мове. Бацькі не задумваюцца і пішуць заяву на навучанне па расейку. Калі побач ляжалі дзве формы заявы, можа нехта б падумаў і напісаў на навучанне па беларуску», – падкрэсліла ў размове з «Белсатам» спадарыня Маргарыта.

Наступствы агульнай дзяржаўнай палітыкі даюць надзвычай сумныя вынікі. Паводле адмыслоўцаў, у нашай краіне памірае некалькі дзясяткаў беларускамоўных навучальных установаў. За апошнія чатыры гады колькасць вучняў, якія праходзяць адукацыю на роднай мове скарацілася на сорак тры тысячы. Са ста трыццаці пяці тысячаў беларускамоўных школьнікаў толькі чатырнаццаць вучацца ў гарадах. Вясковых жа школаў з кожным годам усё менш.

Але бацькі вучняў з Берасця вераць, што такая сітуацыя – часовая.

«Я перакананы, што пройдзе зусім не шмат часу і дзяржаве будуць патрэбныя такія людзі, якія годна змогуць прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне. Беларусь гэта ж самае маё», – падкрэслівае Уладзімір, бацька вучня.

А таму для стварэння беларускамоўнага класу ў Берасці прыцягваюць усе даступныя метады. Агітуюць і праз сацыяльныя сеткі.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў