За «арэхавы скандал» топ-мэнэджарцы Korean Air пагражае 3 гады няволі


Пракурор патрабуе сувора пакараць дачку кіраўніка авіякампаніі, якая прыніжала сцюардэсу і затрымала вылет самалёта з-за «няправільна» пададзеных арэшкаў.

Начальнікам усё дазволена?

Скандал з удзелам Чо Хён, што займала пасаду віцэ-прэзідэнта кампаніі Korean Air адбыўся напачатку снежня. Жанчына збіралася вылецець у Нью-Ёрка на самалёце кампаніі, аднак вылет давялося затрымаць: сцюардэса прынесла Чо Хён арэшкі, але не высыпаныя на талерачку, як гэта прадугледжвае інструкцыя, а ў запакаваным пакеціку. Гэта абурыла начальніцу, яна закаціла скандал, і запатрабавала, каб з борту выдалілі сцюардэсу. Паводле пракурораў, падчас скандалу Чо Хён змусіла галоўнага сцюарда стаць перад ёй на калені і папрасіць прабачэння.

Калі стала вядома пра скандальныя паводзіны віцэ-прэзідэнта, кампанія некаторы час бараніла яе, звяртаючы ўвагу на тое, што ў абавязкі Чо Хён уваходзіць кантроль за якасцю абслугоўвання. Аднак праз ціск медыяў і абурэнне грамадскасці, кіраўнік Korean Air звольніў сваю дачку з усіх пасадаў у авіякампаніі і дачынных фірмах ды публічна папрасіў прабачэння. Праз некаторы час публічна пакаялася і Чо Хён.

Горкі кошт «прывілеяў»

Аднак «арэхавы скандал» для жыхароў Паўднёвай Карэі – не проста хамская выхадка дачкі вялікага начальніка. У грамадстве шырока абмяркоўваюць ўсёдазволенасць у «сямейных карпарацыях» Карэі, дзе ўзаемадачыненні начальніка і падначаленых часам нагадвае феадальныя парадкі.

Падчас расследавання інцыдэнту пракуратура высветліла, што Чо Хён і ейнае акружэнне спрабавалі націснуць на чальцоў экіпажа ды іншых працаўнікоў кампаніі, каб тыя далі паказанні на карысць начальніцы. Праз гэтую акалічнасць некаторыя карэйцы лічаць, што тры гады турмы, якія патрабуе пракурор для Чо Хен, нават замяккае пакаранне. Суд мае вынесці вердыкт 12 лютага.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў