За апошні тыдзень у Польшчы пабілі траіх беларусаў


У Гданьску беларускую пару заатакавалі трое суседзяў. У Равічу на грамадзяніна Беларусі напалі з крыкам: «Польшча для палякаў».

На беларуса напалі п’яныя падлеткі і жанчына

9 верасня каля 21:00 у польскім гарадку Равіч 16- і 17-гадовы хлопцы, а таксама 46-гадовая жанчына напалі на грамадзяніна Беларусі. Wp.pl піша, што спачатку яны абражалі яго словамі, а калі мужчына спрабаваў сысці, дагналі яго і пачалі біць.

Равіч – мястэчка на захадзе Польшчы, сёлета адзначае 380 гадоў існавання. Слоган мястэчка – «Равіч заўсёды адкрыты».

Паводле прэсавай сакратаркі Равічу, нападнікі крычалі «Польшча для палякаў» і «вульгарна заахвочвалі» беларуса выехаць з Польшчы. Калі мужчына спрабаваў аддаліцца ад агрэсіўных людзей, яны пабеглі за ім.

«Да яго падбеглі два падлеткі, пачалі біць рукамі і нагамі па ўсім целе. Да іх далучылася жанчына. Паліцыя іх ужо затрымала, ім выстаўленыя абвінавачванні паводле артыкулу 119 Крымінальнага кодэксу», – паведаміла прадстаўнічка паліцыі.

Артыкул 119 польскага КК прадугледжвае зняволенне ад 3 месяцаў да 5 гадоў за ўжыванне гвалту супраць асобаў па нацыянальнай, этнічнай, расавай або палітычнай прыкмеце.

Усе ўдзельнікі здарэння былі пад уплывам алкаголю, але, паводле следчых, нічога не ўказвае на тое, каб беларусаў правакаваў нападнікаў.

Агрэсіўныя суседзі

Абвінавачванні па гэтым ж артыкуле на гэтым тыдні выставілі траім жыхарам Гданьску (49, – 50- і 52 гадоў), якія 5 верасня напалі на сям’ю беларусаў па суседству. Пра гэта піша газета «Wyborcza».

Беларусы пасяліліся ў адным з шматкватэрных дамоў у Гданьску ў траўні, і з тае пары ўвесь час чулі ў свой адрас заўвагі – у двары або ў пад’ездзе. Тыдзень таму трое з іх суседзяў напалі на беларуса, а таксама на ягоную жонку, якая спрабавала абараніць мужа.

ДД

Стужка навінаў