За акцыю ля рэстарацыі «Гранд Кушавэль» прысудзілі вялізныя штрафы


У Цэнтральным судзе Менску судзяць актывістаў Маю Навумаву, Вольгу Мікалайчык, Леаніда Кулакова. Учора іх затрымалі супрацоўнікі АМАПу ля рэстарацыі «Гранд Кушавэль», што належыць саўладальніку комплексу «Поедим поедим».

Справу Вольгі Нікалайчык разглядала суддзя Шабуня. У пратаколе зазначана, што Нікалайчык раздавала буклеты, Вольга сцвярджае што не паспела раздаць ніводнага. Да таго дадала, што не было атрыбутаў пікетавання, ні лозунгаў.

Сведкамі выступілі два супрацоўніка АМАПа. Адзін з іх, Зміцер Коржык, патлумачыў, што ён разумее пад пікетам: «Вольное изъявление граждан, по которому они призывают свое мнение» (захаваная мова і арыгінал выказвання – рэд.). Сведка Андрэй Кампаніец дадаў, што буклеты былі атрыбутам пратэсту.

Суддзя Шабуня прысудзіла Вользе Нікалайчык штраф у памеры 980 рублёў. Гэткім самым штрафам суддзя Хома пакараў Маю Навумаву, а Леаніду Кулакову суддзя Есьман прысудзіў 1102 рублі штрафу.

Днямі адзін з лідараў абароны Курапатаў, палітык Павел Севярынец, не дачакаўшыся адказу ўласнікаў рэстарацыі «Паедзем паядзім» на свой ультыматум, абвесціў аб пачатку сістэмнага байкоту.

ІН, belsat.eu

Стужка навінаў