«За адзін раз пытанні не вырашыць». Пуцін і Трамп сустрэліся

video

Ён некалькі месяцаў прасіў аб сустрэчы, называючы яе няважнай, каб папрасіць адмяніць санкцыі, якія лічыць неэфектыўнымі. Уладзімір Пуцін сустрэўся з Доналдам Трампам у Гамбургу, на саміце Вялікай Дваццаткі. Пра што размаўлялі прэзідэнты Расеі і ЗША?

Гістарычны поціск рукі Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна

Амаль праз паўгода пасля ўступлення на пасаду, амерыканскі лідар асабіста сустрэўся з палітыкам, пра якога гэтак лісліва казаў падчас перадвыбарчай гонкі. У Расеі пра Доналда Трампа яшчэ колькі месяцаў таму гаварылі з прыдыханнем і надзеяй. З тых часоў рыторыка ў дачыненні новай адміністрацыі Белага дому моцна змянілася.

«Мы з прэзідэнтам Пуціным абмяркоўвалі шмат якія пытанні, усё прайшло вельмі добра. Зараз мы працягнем гутарку ды чакаем, што ў нашых дачыненнях і для нашых краінаў адбудзецца шмат станоўчага», – зазначыў Трамп.

Украіна і Сірыя былі асноўнымі пунктамі размовы прэзідэнтаў

Узгадаў Уладзімір Пуцін і пра несправядлівасць санкцыяў у сусветным гандлі. Менавіта праз тэму сустрэчы гаспадыня саміту – нямецкая канцлерка Ангела Мэркель – адмовілася выступіць пасярэдніцаю паміж двума лідарамі на перамовах «Вялікае дваццаткі». Кіраўніца ФРН спаслалася на тое, што Нямеччына мае сваё меркаванне ў шмат якіх пытаннях, асабліва пра Украіну. Таму сустрэча адбылася толькі ў прысутнасці міністраў замежных справаў і перакладчыкаў.

«Калі Пуцін прыдумае нейкі вялікі план, як самастойна развязаць праблему Сірыі ці Украіны, Трамп неадкладна насцярожыцца. Гэта першая сустрэча, і такіх пытанняў не развязаць за адзін раз. Калі Пуцін усё ж паспрабуе разабрацца ў крызісах самастойна, то амерыканцы могуць падумаць, што крамлёўскі лідар паставіў на пост у Вашынгтоне ўласную марыянетку», – тлумачыць Майкл О’гэнлан з Брукінгскага інстытуту.

Як арганізоўвалі сустрэчу

Яшчэ да пачатку сустрэчы было абсалютна не зразумела, ні колькі яна будзе доўжыцца, ні якія канкрэтна пытанні будуць абмяркоўваць прэзідэнты. Крэмль казаў пра гадзінную размову, Белы дом – толькі пра 30 хвілінаў асабістых дачыненняў.

Вядома, што пісьмовы даклад з рэкамендацыямі пра гутарку з Пуціным для Трампа рыхтавалі міністр абароны Джэймз Мэтыс і эксперт у справе Расеі Фіёўна Гіл, вядомыя сваймі жорсткімі поглядамі на палітыку Крамля.

Пазіцыю амерыканскага лідара пачулі дзень таму ў Варшаве

«Мы заклікаем Расею спыніць сваю дэстабілізацыйную дзейнасць ва Украіне і ў іншых краінах, а таксама спыніць падтрыманне варожых рэжымаў, уключаючы Сірыю ды Іран, і замест гэтага далучыцца да супольнасці адказных нацыяў у нашай барацьбе супраць агульных ворагаў ды стаць на абарону цывілізацыі», – заклікаў прэзідэнт ЗША.

Але як бы ў выніку сустрэчы ні развязаліся пытанні ўзаемадзеяння Расеі ды ЗША адносна Сірыі ды Украіны, наўрад ці паміж дзвюма краінамі запануюць доўгатэрміновыя даверлівыя дачыненні. Намеры Вашынгтона ўзмацняць абараназдольнасць НАТО, вайсковае падтрыманне Польшчы ды краінаў Балтыі, а таксама сурʼёзныя планы ў справе нарошчвання экспарту газу ў Еўропу будуць ствараць усё больш болевых кропак у дачыненнях паміж дзвюма краінамі.

Ігар Кулей, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары