За адзін дзень сталі вядомыя імёны 300 супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі


4 кастрычніка ўлады Нідэрландаў апублікавалі імёны чатырох затрыманых супрацоўнікаў ГРУ, аперацыю якіх у Гаазе перадухілілі ў красавіку гэтага года. Праз некалькі гадзінаў The Insider і Bellingcat апублікавалі інфармацыю яшчэ аб 305 супрацоўніках, дадзеныя якіх знайшлі ў базе ДАІ.

Чорны дзень ваеннай выведкі ГРУ

Улады Нідэрландаў апублікавалі дадзеныя чатырох расейцаў – удзельнікаў хакерскай супраць АЗХЗ, Арганізацыі па забароне хімічнай зброі. Спроба кібератакі адбылася ў Гаазе яшчэ 13 красавіка, праз месяц пасля выкарыстання хімічнай зброі «Навічок» у Солсберы і праз тыдзень пасля хімічнай атакі ў сірыйскім горадзе Дума.

«Як краіна, у якой знаходзіцца сядзіба Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, Нідэрланды павінныя былі абараніць АЗХЗ, фундаментальна важную для міжнароднага правапарадку. Мы прапанавалі гэтую абарону. У той жа дзень Служба бяспекі і ваеннай выведкі сарвала кібераперацыю, і чатыры ўдзельнікі – афіцэры расейскай ваеннай выведкі – былі дэпартаваныя з краіны», – распавёў міністр абароны Нідэрландаў Анк Бійлевэлд.

Паводле міністра, абсталяванне, якім карысталіся расейцы, засталося ў Нідэрландах.

Вайсковая частка № 26165 – падраздзяленне ГРУ, звязанае з хакерскімі атакамі.

Як і «салсбярэцкія» афіцэры ГРУ пад прозвішчамі Пятроў і Башыраў, гэтак і Гаагская чацвёрка ГРУ пракалолася на пашпартах.

Як усталявала контрвыведка Нідэрландаў, два кіберадмыслоўцы прыляцелі з Масквы ў Амстэрдам пад імёнамі Аляксей Маранец і Яўген Серабракоў, нумары іх пашпартоў адрозніваюцца толькі апошняй лічбай. Іх суправаджалі Алег Сотнікаў і Аляксей Мінін, яны арандавалі машыну, у якой размясцілі абсталяванне для ўзлому сеткі Wi-Fi. Пры сабе расейцы мелі 20 тысячаў долараў і 20 тысячаў еўра. Падчас затрымання адзін з іх спрабаваў разбіць свой тэлефон.

Таксама ў аднаго з затрыманых у кішэні знайшлі квітанцыю на таксі ад будынку ГРУ ў Маскве да аэрапорту Шарамеццева. Таксапарк пацвердзіў сапраўднасць дакументу.

«У аэрапорце Схіпхол гэтых чатырох чалавек суправаджаў прадстаўнік амбасады Расеі ў Гаазе. – кажа Яна Эйхельсгейм, кіраўнік службы бяспеку Нідэрландаў. – Усе чатыры афіцэры ГРУ мелі дыпламатычныя пашпарты».

Згодна з апублікаванай інфармацыяй, кіберадмысловец Яўген Серабракоў раней ездзіў у Малайзію, дзе спрабаваў выкрасці інфармацыю ў міжнароднай групы, якая расследуе справу збітага малайзійскага «Боінга» з тэрыторыі ДНР.

Інцыдэнты з «расейскімі хакерамі» Захад аб’ядноўвае ў адну справу

Гэтая ж група расейцаў датычная да спробы ўзлому сетак у швейцарскай лабараторыі, якая расследуе выкарыстанне хімічнай зброі, а таксама заражэнне камп’ютараў функцыянераў антыдопінгавага камітэту WADA.

«Падзеі ў Гаазе – не адзіны выпадак. Расейская вайсковая частка № 26165 адправіла сваіх афіцэраў па ўсім свеце для правядзення нахабных кібераперацыяў», – лічыць Піцер Уілсан, амбасадар Вялікай Брытаніі ў Нідэрландах.

Яшчэ адзін «шпіён дня» – Міхаіл Бачкароў, дарадца аддзелу электронных публікацыяў Савету Федэрацыі РФ. У Нарвегіі яго падазраюць у шпіянажы ў будынку парламента. Падчас семінару ён спрабаваў патрапіць у розныя памяшкання, маючы пры сабе абсталяванне для ўзлому. Сёння яму на 14 дзён працягнулі тэрмін папярэдняга арышту. Бачкароў заявіў, што «не рабіў нічога падазронага» у будынку парламенту.

«Я працаваў, здымаў выступу. Я вёў сябе так, як звычайна вяду сябе, як паводзіў сябе на папярэдніх мерапрыемствах», – апраўдваўся Бачкароў.

У Маскве цэлы дзень аспрэчвалі абвінавачванні. Дакладней, называлі ўсе доказы выдумкай і фантазіямі.

«Змяшалася ўсё: і ГРУ, і кібершпіёны, і крамлёўскія хакеры, і WADA. Нейкая пякельная парфумерная сумесь», – пракаментавала Марыя Захарава, прадстаўніца МЗС РФ.

Яшчэ ўчора Уладзімір Пуцін на форуме ў Маскве адмаўляў выкарыстанне хімічнай зброі «Навічок» супраць перабежчыка Сяргея Скрипаля і яго дачкі.

«Ён проста шпіён. Здраднік Радзімы. Ён проста падонак. Прыехалі нейкія мужыкі, пачалі цкаваць бамжоў у вас у Вялікай Брытаніі. Што за лухта? У ачыстцы яны, ці што, працуюць?», – апраўдваўся Уладзімір Пуцін.

Пасля гэтага Пуцін папрасіў Захад «увесці ўжо ўсе санкцыі» – маўляў, тады Расея будзе абараняць нацыянальныя інтарэсы ўсімі даступнымі метадамі.

Сёння Вялікая Брытанія і Нідэрланды пры падтрымцы хаўруснікаў абвінавацілі Расею ў пачатку ваенных дзеянняў і паабяцалі «дзяржаве-ізгою» хуткую расплату.

«Мы абмяркуем з саюзнікамі, якія дадатковыя санкцыі будуць уведзеныя, і таксама абмяркуем, як разам з сябрамі і хаўруснікамі супрацьстаяць гэтай схеме. Кібератакі – гэта новы тып нападу, з якім сутыкаецца ўвесь свет», – заявіў міністр замежных спраў Вялікай Брытаніі Джэрэмі Хант.

Сёння Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў таксама прад’явілі абвінавачванні сямі афіцэрам ГРУ, якія маюць дачыненне да кібер-дзейнасці супраць ЗША, з саюзнікаў і міжнародных арганізацыяў. Заявы аб наступствах за расейскія кібератакі зрабіла і кіраўніцтва Еўразвязу, НАТО і міністр абароны ЗША.

Увечары галоўны рэдактар The Insider Раман Дабрахотаў запытаўся ў «Тўітэры», ці чатыры працаўнікі ГРУ, рассакрэчаныя ў адзін дзень – «не за шмат»?

«Вось вам яшчэ 305 прозвішчаў», – напісаў Дабрахотаў.

The Insider і Bellingcat падалі, што па адрасе падраздзялення ГРУ, звязанага з хакерскімі атакамі, зарэгістраваныя аўты 305 супрацоўнікаў, сярод якіх – Аляксей Маранец, якога затрымалі ў Нідэрландах.

Паводле аўтараў расследавання, імёны супрацоўнікаў выведкі ўказаныя разам з пашпартнымі звесткамі і нумарамі мабільных тэлефонаў. У многіх з іх гэтае падраздзяленне ГРУ пазначанае як месца працы.

Яраслаў Сцешык/ДД

Стужка навінаў