За абразу Лукашэнкі пенсіянера адправілі ў «вар’ятню»


80-гадоваму Аляксандру Лапіцкаму паставілі дыягназ «трызненне».

Менчука прызналі вінаватым у публічнай абразе кіраўніка Беларусі, генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, а таксама шэрагу беларускіх суддзяў ды пракурораў. Гэтак пастанавіў 12 ліпеня сталічны суд Фрунзенскага раёну.

Першы раз справу разглядалі ў красавіку. Падставаю для прыцягнення пенсіянера да крымінальнай адказнасці сталіся ягоныя звароты да чыноўнікаў, у якіх ён выкарыстаў непрыстойныя выразы.

Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што Лапіцкі сапраўды выкарыстоўваў такія выразы, але ён не канкрэтызаваў, у адрас каго канкрэтна яны скіраваныя. Такім чынам, мяркуюць праваабаронцы, у дачыненні пенсіянера можна было пачаць адміністратыўны працэс, але не крымінальны пераслед.

У сваіх зваротах Лапіцкі скардзіўся на незаконны, паводле яго, прысуд у дачыненні ягонага сына, прызнанага вінаватым у збіцці сваёй жонкі, і каментаваў выбух у менскім метро, да якога, паводле пенсіянера, датычны Лукашэнка.

У красавіку суд Фрунзенскага раёну прызнаў Лапіцкага вінаватым і пастанавіў скіраваць яго на прымусовае лекаванне, бо экспертыза паказала, што ў мужчыны хранічнае псіхічнае захворванне. Мянчук паспрабаваў абскардзіць вырак суддзі.

Паводле праваабаронцы Алега Волчака, 12 ліпеня падчас паўторнага разгляду справы у суд запрасілі аднаго з чатырох экспертаў у галіне псіхіятрыі, які раней даваў заключэнне пра псіхічны стан Аляксандра Лапіцкага. «Мы так і не атрымалі ад псіхіятра адказу, у чым выяўлялася, як ён сцвярджае, «трызненне» Лапіцкага», – адзначыў праваабаронца.

Праваабаронцы ўпэўненыя, што пастанова суддзі скіраваць Лапіцкага на стацыянарнае псіхіятрычнае лекаванне пад асаблівым кантролем незаконная.

Аляксандр Лапіцкі збіраецца абскардзіць гэтае рашэнне ў Менскім гарадскім судзе.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары