За абарону Курапатаў міліцыя пагражае актывісту трыма гадамі турмы


Абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч паведаміў пра пагрозы зняволеннем.

Урбановіч распавёў «Белсату», што ў Бараўлянскім аддзеле міліцыі з ім размаўляў намеснік кіраўніка Менскага РУУС палкоўнік Сяргей Удодаў, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі.

«Як пачалі размову, яны выключылі камеру і ён пачаў круціць. Сказалі, што калі я прыду на Курапаты, то пасадзяць на содні, і з ізалятара я не буду вылазіць. А адтуль пасадзяць у турму і ты там згніеш – такімі словамі», – распавёў актывіст.

Урбановічу паведамілі, што яго падазраюць у злосным хуліганстве – нібыта нехта ўначы трапіў на тэрыторыю рэстарана «Паедзем Паядзім» побач з Курапатамі, і нанёс матэрыяльную шкоду будынкам забаўляльнага комплексу. Паводле палкоўніка Удодава, гэта быў менавіта Урбановіч, які раней быў затрыманы за надпіс «Кабак НКВД зачынены» на плоце рэстарацыі.

Рэстаран «Поедем поедим», які пабудавалі ў 50 метрах ад урочышча Курапаты, запрашаў 14 чэрвеня на прагляд першага матчу чэмпіянату свету па футболе. У той дзень каля брамы рэстарану стаяла варта з 10 абаронцаў Курапатаў, у іх ліку быў Дзяніс Урбановіч. Мужчыну затрымалі ўвечары непадалёк ад урочышча і адвезлі ў Бараўляны. У выніку ніхто не захацеў глядзець футбол у «рэстаране на костках»

ДР belsat.eu

Стужка навінаў