За 9 месяцаў НАТО сто разоў перахоплівала расейскія вайсковыя самалёты


Лонданскія даследнікі адзначаюць, што Расея запужвае НАТО, і раяць ёй астыць.

Тое, што адбылося з рэйсам MH17 ва Украіне, магло адбыцца ў Швецыі трыма месяцамі раней, гаворыцца ў справаздачы «Небяспечнае балансаванне на мяжы вайны» аналітычнага цэнтру ELN (Лондан). 3 сакавіка пасажырскі самалёт SAS 737, які ляцеў з Капэнгагену ў Рым, ледзь не сутыкнуўся з расейскім разведвальным самалётам, які ніяк сябе не абазначыў. Трагедыі ўдалося пазбегнуць толькі дзякуючы добрай бачнасці і пільнасці пасажырскіх пілотаў.

У справаздачы пералічваюцца яшчэ 11 «сур’ёзных інцыдэнтаў», якія маглі прывесці да «эскалацыі».

Паводле ELN, за першыя 9 месяцаў гэтага года НАТО сто разоў «перахопліваў» расейскую вайсковую авіяцыю – гэта ўтрая больш, чымся за ўвесь мінулы год.

Толькі на літоўскай мяжы вайсковыя сілы НАТО здзейснілі 68 аперацый, звязаных з расейскімі самалётамі, на латвійскай мяжы – 150 і на эстонскай – 6. Лонданскія даследнікі мяркуюць, што такім чынам Расея спрабуе пасеяць сумнеў у краінах Балтыі наконт таго, што Паўночнаатлантычны альянс зможа іх абараніць. Разам з тым расейскія ўзброеныя сілы граюць мускулам і ў дачыненні да Швецыі і Фінляндыі, якія не з’яўляюцца сябрамі вайскова-палітычнага блоку. Гэта можна расцэньваць як намёк, што скандынаўскія краіны могуць сутыкнуцца з большай агрэсіяй, калі далучацца да НАТО.

ELN раіць Расеі «астыць», а НАТО – надаць больш увагі вайсковай дыпламатыі і павялічыць празрыстасць дзейнасці.

ЗК, belsat.eu, паводле EUobserver

Глядзі таксама
Каментары