За 65 рублёў жыхары Магілёву могуць выбіць імя на тратуары


Імянная плітка ў Магілёве з’явілася ў межах акцыі «Імёны Магілёва». Фота – НА / Белсат

У сераду на плошчы Славы ў Магілёве распачалі выкладаць ходнік з гравіроўкай імёнаў жыхароў гораду.

Замовіць плітку з граніту мог кожны ахвочы, дзеля гэтага трэба было заключыць дамову з Упраўленнем камунальных прадпрыемстваў і заплаціць Br 65.

На бруку можна было замовіць гравіроўку імя свайго або якога-небудзь дзеяча, звязанага з гісторыяй Магілёва.

Паводле дамовы, памер пліткі – 30 на 30 см, на яе дзейнічае гарантыя пяць гадоў. Фота – НА / Белсат

Першапачаткова планавалася, што брук пакладуць да 25 чэрвеня, але рэканструкцыя плошчы Славы зацягнулася. Усё лета тут перакладалі звычайную, тратуарную плітку. 30 жніўня ўвялі абмежаванне на заезд аўтамабіляў на плошчу Славы.

Імянныя цаглінкі пачалі ўкладваць на плошчы Славы 26 верасня. Фота – НА / Белсат

«Гэта толькі першы этап акцыі. Зараз мы пакладзём 27 плітак з імёнамі звычайных гараджанаў. Пазней адбудзецца другі этап, падчас якога выкладуць плітку з імёнамі выбітных дзеячаў: Спірыдона Собаля, Трафіма Сурты, Генадзя Магілёўскага і іншых», – распавяла вядучая юрыдычная кансультантка Упраўлення камунальных прадпрыемстваў Таццяна Манёнак.

Сёння пад нагамі гараджанаў з’явіліся першыя імёны – напрыклад, Сяргея Іванавіча Бычкова, Марыі Аляксандраўны Якіменка, Таццяны Юр’еўны Матузавай і Елісея Мікітавіча Прысмакіна.

На наступным тыдні Елісею Прысмакіну споўніцца 1 год. Плітку з ягоным імем замовілі бацькі. Фота – НА / Белсат

Плітку для апошняга замовіў бацька – 4 кастрычніка Елісею споўніцца год.

«Пра акцыю даведаліся з сацыяльных сетак. Нам спадабалася ідэя, вырашылі замовіць імя сына, думаю, што дзіцяці будзе цікава мець уласную плітку на вялікай плошчы. Таксама заўсёды можна лёгка ўгаварыць яго на шпацыр: «Хадзем праверым тваю плітачку?». Спадзяёмся, што яна праляжыць 5 год, як і было абяцана. Але хацелася б, каб гэта засталося надоўга. Акрамя пліткі ў кошт уваходзіць і сертыфікат, які мы пакуль не атрымалі», – распавёў Мікіта Прысмакін.

НА

Стужка навінаў