За 2017 год 65 журналістаў загінулі пры выкананні прафесійных абавязкаў


У бягучым годзе ў свеце загінулі менш за ўсё журналістаў за апошнія 14 гадоў.

Пра гэта гаворыцца новай справаздачы арганізацыі «Рэпартэры без межаў», перадае Deutsche Welle.

Адной з прычын гэтага медыяэксперты называюць выезд журналістаў з краін, у якіх іх праца стала занадта небяспечнай, у прыватнасці з Сірыі, Ірака, Йемена і Лівіі.

Аднак не менш за 65 работнікаў СМІ ва ўсім свеце загінулі за перыяд з 1 студзеня па 1 снежня 2017 у сувязі са сваёй журналісцкай дзейнасцю. 39 з іх былі мэтанакіравана забітыя, яшчэ 26 загінулі пры выкананні прафесійных абавязкаў з прычыны баявых дзеянняў або тэрактаў.

Сярод загінулых 55 – мужчыны, дзесяць – жанчыны. Амаль палова з гэтых журналістаў загінулі ў краінах, дзе няма ўзброеных канфліктаў.

Самымі небяспечнымі дзяржавамі для журналістаў у 2017 годзе прызналі Сірыю, Мексіку, Афганістан, Ірак і Філіпіны.

«Рэпарцёры без межаў» з 2012 года называюць Сірыю самай небяспечнай для СМІ краінай свету.

Украіна ў справаздачы згадваецца ў кантэксце выкраданняў двух работнікаў СМІ ў незаконных фарміраваннях ДНР і ЛНР на Данбасе.

Гаворка ідзе пра выкраданне фрылансера Станіслава Асеева і блогера Эдуарда Недзяляева. Паводле дадзеных праваабаронцаў, Недзяляева «суд» самаабвешчанай ЛНР летам прысудзіў да 14 гадоў зняволення за праўкраінскую пазіцыю.

Сепаратысты на Данбасе «разглядаюць нямногіх крытычна настроеных журналістаў, якія яшчэ не збеглі, як шпіёнаў», канстатуюць «Рэпарцёры без межаў». Паводле інфармацыі арганізацыі, з пачатку ўзброенага канфлікту ў 2014 годзе на Данбасе выкралі больш за 30 журналістаў.

КА, belsat.eu

 

Стужка навінаў