З жыхароў Аршанскага раёну «выцягнулі» больш за $ 100 тыс. за паслугі санстанцыі, якія не аказваліся


Жыхары Оршы заплацілі больш за Br 193 тыс. (амаль $ 100 тыс.) за міфічныя паслугі санстанцыі.

Пра гэта распавялі ў Аршанскім міжраённым аддзеле Дэпартаменту фінансавых расследаванняў КДК па Віцебскай вобласці.

Выяўленыя факты, якія даказваюць, што службовая асоба з сістэмы аховы здароўя злоўжывала сваймі паўнамоцтвамі.

Дзейнасць санстанцыі зацікавіла кантралёраў тым, што ўстанова з’яўляецца адной з самых высокапрыбытковых у рэгіёне – уваходзіць у дваццатку лідараў.

Супрацоўнікі Аршанскага занальнага цэнтру гігіены і эпідэміялогіі, дзейнічаючы па ўказанні аднаго з кіраўнікоў, падпісвалі і прадастаўлялі ў бухгалтэрыю ўстановы акты здачы-прыёмкі працаў, якія змяшчалі загадзя ілжывыя факты. У дакументах завышаліся памеры плошчаў, на якіх нібыта сістэматычна праводзілася дэзінфекцыя і іншыя працэдуры.

Відэасюжэт праграмы «Вот так» пра карупцыю ў Беларусі

Асабістая зацікаўленасць службовай асобы была ў тым, каб упрыгожыць статыстыку па фінансава-гаспадарчай дзейнасці ўстановы. Пасля за паслугі, якія не аказваліся, грошы пераводзіліся ў фонд прэміравання.

У выніку такіх махінацыяў, сцвярджаюць у КДК, размер аплаты за паслугі мясцоваму прадпрыемству ЖКГ за 2014-2016 гады быў завышаны больш, чым на Br 193 тыс. Камунальнае прадпрыемства ў сваю чаргу выставіла рахунак з гэтай сумай на аплату жыхарам Аршаншчыны.

Супраць парушальніка з санстанцыі распачатая крымінальная справа за нанясенне страты ў асабліва буйным памеры. Санкцыя артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці альбо без яе з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў