З жонкаю прэм’ера, у мячэці ды ля труны: з кім Коля Лукашэнка прагульвае школу


За верасень Коля прагуляў столькі ж урокаў, колькі за палову мінулага навучальнага года.

Толькі за першы месяц новага навучальнага года Коля адсутнічаў на занятках тыдзень. Працоўны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў ЗША, падчас якога ягоны малодшы сын «засвяціўся» на Генеральнай асамблеі ААН, працягваўся 4 дні – з 26 да 29 верасня. На пачатку месяца Коля ўжо прагуляў школу, бо з 1 да 3 верасня наведваў Кітай, дзе браў удзел у фотасесіі з кіраўнікамі дзяржаваў і прысутнічаў на вайсковым парадзе. Яны з бацькам ездзілі на святкаванне двух 70-годдзяў: перамогі кітайскага народу ў вайне з Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Аляксандр Лукашэнка з Колем падчас афіцыйнага візіту ў Кітай 1-3 верасня 2015 года. Фота president.gov.by

У мінулым жа навучальным годзе сын кіраўніка Беларусі з нагоды замежных ваяжаў прапусціў 14 дзён навучальнага працэсу. Хоць першую паездку, у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, ягоны бацька запланаваў якраз на час восеньскіх канікулаў. Там Коля выйшаў на лёд як гулец прэзідэнцкай хакейнай каманды, і нават забіў два галы, чым несумненна спрычыніўся да перамогі над ветэранамі зборнай ААЭ з лікам 13:7.

Ужо з 2 да 8 лютага (зімовыя канікулы скончыліся 11 студзеня) ён суправаджаў бацьку на адпачынку ў Сочы. Не паспеў вярнуцца ў Менск, як 12 лютага апынуўся на перамовах «нармандскай чацвёркі» па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне.  У красавіку яго чакаў візіт у Грузію (з 22-га да 24-га), а праз месяц ён саджаў дрэва ў пакістанскім парку (афіцыйны візіт працягваўся з 28 да 30 траўня).

Коля з бацькам сядзяць дрэва ў парку «Шакарпарыян» падчас афіцыйнага візіту ў Пакістан 28-30 траўня 2015 года. Фота president.gov.by

Браць удзел у «дарослых» афіцыйных мерапрыемствах Коля пачаў з красавіка 2008 года. Паколькі адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка звярнуўся па дапамогу да вядомага піяршчыка лорда Тымаці Бэла, можна меркаваць, што менавіта апошні і параіў змякчыць такім чынам дыктатарскі імідж.

У Ватыкане з Папам Рымскім Бенедыктам XVI, 27 красавіка 2009 года. Фота president.gov.by

У школу Коля пайшоў у 2011 годзе, і ўжо 8 верасня адарваўся ад кніжак, каб узяць удзел у жалобнай цырымоніі памяці загінулых хакеістаў расейскага клубу «Лакаматыў», якая прайшла ў Менск-арэне. Да такіх мерапрыемстваў яму было не прывыкаць: у красавіку бацька прывёў яго з сабою ў метро адразу пасля таго, як там адбыўся тэракт.

Ужо ў 2012-м сын кіраўніка Беларусі агулам адсутнічаў у школе некалькі тыдняў, а ў наступным годзе – не меней за 10 дзён.

Падчас працоўнага візіту ў Кітай Аляксандр Лукашэнка наведаў Сусветную выставу «ЭКСПА-2010» у Шанхаі, 10. кастрычніка 2010 года. Фота president.gov.by

З Уга Чавэсам падчас візіту ў Венесуэлу 27 чэрвеня 2012 года. Фота cenzor.net.ua

На пахаванні Уга Чавэса 9 сакавіка 2013 года. Фота AFP

Падчас цырымоніі ўскладання вянкоў да Манумента Нацыянальных герояў Калібата ў Джакарце, афіцыйны візіт у Інданезію, 18 сакавіка 2013 года. Фота president.gov.by

Лукашэнкі віншуюць біятланістку Дар’ю Домрачаву з перамогаю ў гонцы пераследу на Алімпійскіх гульнях у Сочы, 11 лютага 2014 года. Фота president.gov.by

Сустрэча са спікерам Вярхоўнай Рады Украіны Аляксандрам Турчынавым падчас візіту з нагоды інаўгурацыі прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі, 7 чэрвеня 2014 года. Фота president.gov.by

Ускладанне вянка да помніка Невядомаму герою ў мемарыяльным комплексе «Авала» падчас афіцыйнага візіту ў Сербію 11-12 чэрвеня 2014 года. Фота president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да магілы Невядомага салдата ў Тбілісі падчас афіцыйнага візіту ў Грузію 22-24 красавіка 2015 года. Фота president.gov.by

На цырымоніі адкрыцця першых Еўрапейскіх гульняў у Баку, 12 чэрвеня 2015 года. Фота president.gov.by

З Жэрарам Дэпард’ё 22 ліпеня 2015 года. Фота president.gov.by

З жонкай прэм’ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа, якіх Аляксандр Лукашэнка запрасіў у сваю рэзідэнцыю «Азёрны» ў Менскім раёне. 12 жніўня 2015 года. Фота president.gov.by

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары