Праз зайздрасць муж знішчыў усё адзенне жонкі


Жыхар Смаргонскага раёну сапсаваў 36 рэчаў з гардэробу жонкі з дапамогай электраліту – падрамантаваць адзенне немагчыма.

36-гадовы жыхар Жодзішкаў у Смаргонскім раёне сапсаваў амаль увесь гардэроб сваёй жонкі, з якой цяпер разводзіцца.

Старшыня Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэту Віктар Дамуць распавёў парталу Kraj.by, што гэтак мужчына адрэагаваў на жаданне жонкі развесціся.

«Жонка падала на развод. Мужу гэта не спадабалася. Сямейнай пары пры разводзе прыйдзецца дзяліць маёмасць. Да таго ж, мужчына падазрае жонку ў нявернасці, – удакладняе Віктар Дамуць. – Усё гэта і стала матывам злачынства. Па словах жанчыны, рэўнасць яе мужа ў апошні час стала маніякальнай», – распавёў Дамуць.

Сярод адзення ёсць дарагія рэчы – паліто, куртка, паўфутра, дублёнка.

Па словах Клышэвіча, сапсаванае адзенне рамонту не падлягае. Памер шкоды склаў Br 1 136.

Нажытая ў шлюбе маёмасць лічыцца агульнай, але асабістыя рэчы, у тым ліку адзенне, належаць толькі іх гаспадару. У гэтым выпадку – пацярпелай.

Пракурор Смаргонскага раёну Андрэй Клышевіч пацвердзіў, што матывам злачынства была зайздрасць.

«Ён раўнаваў жонку і з рэўнасці абліў гэтай вадкасцю прадметы яе адзення. Злачынства было здзейснена ў перыяд часу з 14 жніўня па 15 верасня. Менавіта ў сярэдзіне верасня сляды, пакінутыя электралітам на вопратцы, сталі відавочнымі. Гэта рэчыва не мае паху і праядае вопратку толькі праз некаторы час. На ёй з’яўляюцца дзіркі, рэчы становяцца, як папяровыя, і ў выніку пачынаюць літаральна рассыпацца», – кажа Клышэвіч.

Электраліт мужчына шпрыцам набіраў у акумулятары сваёй машыны.

Смаргонскі раённы аддзел Следчага камітэту ў канцы верасня ўзбудзіў у дачыненні да мужчыны крымінальную справу.

Зайздроснаму мужу пагражае да двух гадоў абмежавання волі.

ДД

Стужка навінаў