З’явіліся доказы таго, што немцы купілі ЧС па футболе 2006 года


Следства па справе прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі футбола Іозэфа Блатэра дапамагае выкрываць іншыя злачынствы.

Журналісты нямецкага выдання «Spiegel» апублікавалі свае вынікі даследавання карупцыі ў ФІФА, згодна з якім права на правядзенне Чэмпіянату свету па футболе 2006 года немцы атрымалі дзякуючы хабару.

У ліпені 2000 года падчас выбараў гаспадара чэмпіянату свету 2006 года прэзідэнт футбольнай федэрацыі Акеаніі Чарльз Дэмпсі ўстрымаўся ад галасавання. Аднак, як апынулася, ягоная айчынная Федэрацыя футбола пастанавіла галасаваць за Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку. Фактычна, дэмарш Дэмпсі дапамог Германіі. Журналістам ён тлумачыў, што ўстрымацца ад галасавання яго прымусілі асабістыя прычыны. Праз некалькі дзён пасля выбараў ён адмовіўся ад сваёй пасады. Справа ад пачатку выглядала брудна, але толькі цяпер нямецкім рэпартэрам удалося здабыць доказы карупцыі.

Дапамагло ім супольнае швайцарска-амерыканскае следства па справе Іозэфа Блатэра, якое раскрыла шмат цікавых фактаў. Напрыклад, стала вядома, што з бюджэту ФІФА растаялі 7 мільёнаў еўра. Нямецкая федэрацыя футбола ўжо пацвердзіла гэта журналістам. Грошы, што павінныя былі ісці на нейкія «культурніцкія праграмы» атрымаў дырэктар «Адыдасу» Роберт Луі-Дрэйфус за ранейшую пазыку немцам. Пазыку, якая пераканала некаторых сябраў выканкаму ФІФА, што Германія больш вартая чэмпіянату, чым ПАР.

Яшчэ нядаўна ўсе былі ўпэўненыя, што карупцыю ў ФІФА прышчапіў Блатэр, але цяпер становіцца бачна, што запэцкаў рукі не ён адзін.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў