З’явілася відэа затрымання рабаўніка банку ў Магілёве


У інтэрнэце з’явіўся відэазапіс пагоні і затрымання ў прыватным сектары Магілёва.

Яго апублікавалі ў суполцы ў «Вконтакте» «Могилев. Live».

У канцы мужчына страляе наўпрост у лабавое шкло службовага аўта, з якога вядзецца відэазапіс.

Зламыснікам, які 20 лістапада спрабаваў абрабаваць банк на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве, аказаўся 28-гадовы грамадзянін Расеі. Ён мае від на жыхарства ў Беларусі. У верасні мужчына прыехаў у Магілёў нібыта да сваёй маці.

Нападнік увайшоў у аддзяленне «Беларусбанку» каля 15:00 і стаў патрабаваць грошы.

Працаўнікі банку націснулі на трывожны гузік. На месца прыбыў нарад Дэпартаменту аховы, які заблакаваў злодзея. Пасля гэтага да банку падцягнуўся АМАПу, медыкі і ратавальнікі.

Зламыснік узяў у закладнікі пяць чалавек, пасля чаго стаў патрабаваць прадставіць яму аўтамабіль. Ягоную просьбу задаволілі. Спрабуючы ўцячы ад сілавікоў, нападнік адстрэльваўся, але яго паранілі і затрымалі.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў