«Зʼявілася мафія і нарабіла даўгоў». Што вяскоўцы думаюць пра перадачу калгасаў бізнесу


«Белсат» на занядбаных гаспадарках

Спосаб на адраджэнне вёскі ці знішчэнне нават таго, што засталося? За 12 гадоў існавання практыкі перадачы калгасаў у «нагрузку» прадпрыемствам факты сведчаць, хутчэй, на карысць другога сцэнара.

Выявілася, што кампаніі ўкладацца ў зямлю зусім не збіраліся.

Пустыя будынкі, заваленыя дахі, такі сумны вынік загадаў прэзідэнта NN 138 і 280, якія 12 год таму дазволілі прыватным кампаніям набываць дзяржаўныя калгасы за 20 % ад іх вартасці.

Невядома, хто набываў калгасы добраахвотна, бо такое «укладанне» давала шэраг падатковых і крэдытавых ільготаў, а каму гэтыя прадпрыемствы проста прымусова «навесілі» зверху. Але менавіта пасля гэтых загадаў у 2004-ым годзе кампанія «Ростэм» Юрыя Авярʼянава зрабілася ўласніцаю саўгасу «Ілля» у Вялейскім раёне на Меншчыне. У сёлетнім інтэрвʼю інтэрнэт-парталу «Tut.by» Авярʼянаў зазначае, што з таго часу ён уклаў у гэтае аграпрадпрыемства $ 5 млн.

«Вы, праедзьце, паглядзіце гэтыя мільёны!» – кажа працаўнік аграфірмы «Ілля», які не верыць у такія лічбы.

Іншы зазначае:

«Раней гэтая гаспадарка была на вышэйшых пазіцыях. А калі тут зʼявілася гэтая мафія, яны нарабілі тут даўгоў».

Пасля шэрагу няўдалых інвестыцыйных праектаў, не звязаных з аграрным бізнесам, «Ростэм» апынуўся ў цяжкай фінансавай сітуацыі. 26-га ліпеня адбудзецца суд, пасля якога былы саўгас, найхутчэй, перададуць назад пад кантролю дзяржавы.

«Можа, і лепш, можа, жытло пачнуць будаваць», – спадзяецца працаўнік аграфірмы «Ілля».

Іншы працаўнік кажа, што «горш ужо не будзе».

Бывае і горш

Вось пустыя палі, месцы, дзе стаялі цяпліцы, рэшткі згарэлага складу гародніны. Гэта ўсё тэрыторыя калгасу «Азёрны» у Сёмкаве, што каля Менску. «Азёрны» з 2004-га цягам 10-ці гадоў быў ва ўласнасці «Першай харчовай кампаніі» Анатоля Стацкевіча-Чабаганава. У 2014-ым пастановаю суда комплекс вярнулі ва ўласнасць дзяржавы. Мы запыталі мясцовых жыхароў, як ім цяпер працуецца ў «Азёрным».

«Яго ўжо зачынілі. Вось жонка сыходзіла на пенсію, шукала дакументы, такое прадпрыемства ўжо нідзе не зарэгістраванае», – кажа былы працаўнік «Азёрнага».

Частка людзей пайшла працаваць у суседнія калгасы ці на прыватныя прадпрыемствы, але працы ўсім не хапіла. «Азёрны» не адзіны такі прыклад. Вядома, што ў аграрным бізнесе не прыжыліся каля паловы з усіх прыватных кампаніяў, якія ў 2004-2005-ым гадах набылі агулам 85 калгасаў у розных частках краіны. Яшчэ 419 стратных аграрных прадпрыемстваў былі перададзеныя на баланс іншых прадпрыемстваў. Пра тое, што калгас – калектыўная ўласнасць кожнага, хто ў ім працуе, ніхто ўжо і не памятае.

«У іх гэтую маёмасць без іхнага ведама забіраюць, прадаюць каму заўгодна, а яны аўтаматычна павінныя з гэтым пагаджацца. Гэта ёсць праява нейкага рабаўладальніцкага ці феадальнага падыходу ў нашыя часы», – заўважае эканаміст Міхал Залескі.

Можа і так, але сумны досвед прымусовае ці няпрофільнае супрацы паміж буйным беларускім бізнесам ды стратнымі дзяржаўнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі кіраўніка краіны не бянтэжыць. 23-га чэрвеня, падчас 5-га Усебеларускага сходу, ён ізноў заявіў пра гатовасць раздаваць вёскі і калгасы выбранай эліце.

Па прыклад таго, што з гэтага можа атрымацца, далёка ад Менску ездзіць не трэба.

Ігар Кулей, belsat.eu

Стужка навінаў