З якой мэтай у Беларусь прыехалі прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду?


Місія Міжнароднага валютнага фонду распачала сваю працу ў Менску. Мэта прыезду прадстаўнікоў МВФ, а таксама чаканні ўладаў Беларусі ад іх візіту «Белсат» абмеркаваў з эканамістам Аляксандрам Сінкевічам.

«Міжнародны валютны фонд працуе практычна ва ўсім свеце, ва ўсіх краінах, дзе існуюць праблемы пераходнай эканомікі. Беларусь знаходзіцца сярод гэтых дзяржаваў і выклікае цікавасць МВФ, які працуе дзеля стабілізацыі ў праблемных рэгіёнах, каб запабегчы праблемам у развітых краінах. Таму МВФ заўжды тут прысутнічаў і працаваў нават у самыя праблемныя перыяды, калі паміж Беларуссю і Захадам існавалі сурёзныя супярэчнасці», – падкрэсліў адмысловец.

На ягоную думку, афіцыйны Менск разлічвае на крэдыты, бо сёлета намячаецца «касавы разрыў» – недахоп грошай на папаўненне абаротных сродкаў у прадпрыемствах і банках. Такая сітуацыя выкліканая абвалам фінансавага ды нафтавага расейскага рынку.

Міжнародны валютны фонд ёсць для ўладаў Беларусі праверанай крыніцай, адкуль можна атрымаць патрэбныя сродкі. Аднак МВФ заўжды патрабуе рынкавых рэформаў ад краіны-рэцэпіента, Беларусь жа заўжды ўпіраецца ў гэтым пытанні. Міжнародны валютны фонд шмат у якіх справах «прыплюшчвае вочы» адносна дзеянняў кіраўніцтва Беларусі, а разам з тым прызнае, што яго рэкамендацыі, да прыкладу, былі цалкам выкананыя ў Грэцыі, але не далі пазітыўных вынікаў.

«Таму можна чакаць, што і гэтым разам будзе дасягнуты нейкі кампраміс: МВФ не будзе настойваць на літаральным выкананні сваіх патрабаванняў», – адзначыў эканаміст.

МВФ залежны ад палітычных рашэнняў сусветных гульцоў, заўважыў адмысловец. Калі ж ім будзе патрэбнае пацяпленне адносінаў з Беларуссю, то МВФ прапануе Беларусі фінансавую дапамогу і не будзе патрабаваць рынкавых рэформаў.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў