З вай-фаем і месцамі для ровараў: З Менску ў Вільню прыбыў першы электрацягнік


фота delfi.lt

13 верасня ў Літву з Менска прыбыў першы пасажырскі электрацягнік, перадае delfi.lt. Плануецца, што рэгулярна цягнікі паміж Літвой і Менскам пачнуць курсіраваць сёлета са снежня.

Паводле слоў гендырэктара «Літоўскай чыгункі» Мантаса Бартушкі, па гэтым маршруце будуць курсіраваць новыя цягнікі, закупленыя ў гэтым годзе.

«Новыя цягнікі для гэтага маршруту ўжо дастаўлены ў Літву. Гэта сучасныя двухпавярховыя электрацягнікі, якія развіваюць хуткасць да 160 км/г. У цягніку ёсць месцы першага і другога класа, дзейнічае Wi-fi», – сказаў Бартушка.

Цягнікі для «ЛЧ» выпусціла чэшская кампанія Škoda Vagonka. Яны маюць тры вагоны, у іх 290 сядзячых месцаў, з іх 23 – у першым класе. У цягніку абсталяваны сучасныя сістэмы аўдыё- і відэаінфармавання пасажыраў і сістэмы назірання ў салонах і за іх межамі. У вагонах на спецыяльных месцах можна перавозіць ровары, можна перавозіць калыскі і габарытны багаж, можна зарадзіць ноўтбук або мабільны тэлефон. Цягнік прыстасаваны і для інвалідаў.

Вільня—Менск — адзін з самых папулярных маршрутаў «ЛЧ». Ім у першыя 8 месяцаў гэтага года скарысталіся 200 000 пасажыраў.

ІІ, belsat.eu

 

 

 

Глядзі таксама
Каментары