З Украіны Тарас Аватараў прыязджаў на спатканні да знаёмай з «Тўітэра»


Тарас Аватараў

19 красавіка ў Фрунзенскім судзе Менску прайшло другое паседжанне па справе беларускага добраахвотніка. Суддзя абвесціла перапынак да раніцы 20 красавіка.

Слухачоў працэсу ў залі паменела

Разгляд справы пачаўся а 10:30. Прыйшлі толькі пяцёра журналістаў. Пасля абедзеннага перапынку застаўся толькі адзін. Нікога з грамадзянаў, у тым ліку брата падсуднага, не было наагул.

Дапытаныя новыя сведкі

Сведчылі трое хлопцаў, якія ехалі на таксі з Кіева да ўкраінска-беларускай мяжы разам з Аватаравым, старэйшы ўпаўнаважаны крымінальнага вышуку, памежніца, якая правярала пашпарт падсуднага на пераходзе «Новая Гута», мытнік гомельскай мытні, што рабіў догляд багажу аўта, на якім перасякаў мяжу падсудны, супрацоўнік камеры захавання на станцыі «Менск-Пасажырскі».

Жыхары Менску, два браты і прыяцель, вярталіся ў ноч з 24 на 25 лістапада 2015 году з адпачынку ў Егіпце праз аэрапорт у Барыспалі. Адтуль дабраліся ў Кіеў, аднак дамовіцца з таксістамі пра кошт паездкі з украінскай сталіцы да беларускай мяжы адразу не змаглі. Праз некаторы час да іх падышоў кіроўца, сказаў, што павязе іх на мяжу, аднак будзе чацверты пасажыр. Ім аказаўся Аватараў.

Тарас ехаў спераду. Па дарозе кампанія з ім не перамаўлялася. Паводле аднаго з траіх сведак, Тарас іх насцярожыў «сваімі жартамі» і шапкай, «падобнай на балаклаву», якую той раз-пораз апускаў на вочы. Мяжу прайшлі без праблем і догляду рэчаў. У Гомлі ў кампаніі стаяла свая машына, але яны браць Аватарава да Менска адмовіліся.

Задаючы пытанні старэйшаму ўпаўнаважанаму крымінальнага вышуку Мікалаю Жыліну, Аватараў стаў спрачацца пра пісталет: сігнальны ці траўматычны? У выніку сведка пацвердзіў свае папярэднія паказанні пра тое, што пісталет быў сігнальны.

Супрацоўнік камеры захавання сведчыў, што ў Аватарава быў рэч-мяшок, з якога тырчэў кій. Пра чорны кій гаварылі і спадарожнікі, што ехалі з ім у адной машыне з Кіева. Аднак «падсудны не быў падобны на чалавека, якому трэба было абапірацца на кій пры хадзьбе». Паводле сведкі з камеры захавання, на адной з сумак Аватарава асадкай было напісана «7 бат». Міліцыянты, што прыйшлі па багаж Аватарава, разрэзалі рэч-мяшок. Змесціва праверылі з сабакам, спакавалі па пакетах у прысутнасці напарніка сведкі і загадчыцы камеры захавання.

Абвінавачаны парушае судовы пратакол

Міміка і пастава Аватарава больш падобныя да гледача прыгодніцкай камедыі ў дамашнім кінатэатры, а не падсуднага за незаконны перавоз і захоўванне зброі.

28-гадовы Тарас задае пытанні сведкам, быццам бы гэта ягоныя старыя знаёмыя. Заявы і хадайніцтвы робіць, парушаючы пратакол судовага паседжання. Суддзя ўвесь час робіць яму заўвагі, тлумачыць, што той не можа прасіць сведак даваць ацэнкі матэрыялам справы, размаўляць з прэсай і адхіляць пытанні пракурора.

Калі надыходзіла чарга абвінавачанага задаваць пытанні сведкам-спадарожнікам з Кіева да мяжы, Тарас выбачыўся ў кожнага з іх за вобшукі. У рамках ягонай крымінальнай справы ва ўсіх іх праводзіліся следчыя мерапрыемствы. Паводле Аватарава, іх рабіла КДБ.

«Я ведаю, што ў Вас былі з-за гэтага канфлікты з гаспадыняй, і Вам давялося мяняць адрас», – звярнуўся падсудных да аднаго са сведак.

Аватараў часта падкрэслівае, што «не хацеў бы нешта казаць у судзе, каб не даваць нагоду прэсе». Пасля такой чарговай рэмаркі Аватараў спытаўся ў Жыліна, ці той быў у алкагольнымі апʼяненні, калі затрымліваў яго, і якую мае адзнаку па стральбе.

«Ко***» і «Елена Прекрасная»

У пісьмовых матэрыялах справы фігуруюць дадзеныя з дыскавага накапіцеля, планшэту «Prestigio», якія належаць падсуднаму.

Калі пракурор пачаў зачытваць перапіску, Аватараў выразіў пратэст, што гэта не перапіска, але статусы ягоных сяброў.

Пракурор цытаваў менавіта перапіску карыстальнікаў пад нікам «Друг Дук» з карыстальніцамі «Ко***» і «Еленай Прекрасной».

З перапіскі 22.10.2015: «На базе пакідаем мінімум ствалоў для аховы» ды «Я спадзяюся, куплю Мосіна з абвесам пад сябе».

Таксама пракурор пералічыў інфармацыю пра розныя віды мін, выбуховыя рэчывы, што захоўвалася на носьбітах інфармацыі.

«Ён расказваў, што ваюе ва Украіне, але я сурёзна не ўспрымала»

У суд не з’явілася сведка К. (імя змененае). Суддзя зачытала яе ліст, дзе яна тлумачыць, што кладзецца ў шпіталь праз панічнае расстройства, таму не з’явілася на паседжанне.

Калі суддзя пачала чытаць пратакол яе папярэдняга допыту, што датуецца снежнем 2015 году, Аватараў заявіў:

«Прашу ўнесці ў пратакол, што на сведку аказваўся ціск!».

Падчас зачытвання гэтага дакументу ў падсуднага знікла ўсмешка з твару.

З пратаколу папярэдняга допыту вынікае, што сведка – маладая дзяўчына, жыхарка Жодзіна. У сетцы «Тўітэр» пад нікам «Ко***» яна пазнаёмілася з Тарасам, зарэгістраваным пад імем «Школа імя Саўчанкі». Паміж імі завязалася перапіска, якая з часам перайшла ў «флірт з выкарыстаннем словаў у памяншальна-ласкальнай форме, са словамі «цалую», «адбымаю».

З цягам часу Тарас прапанаваў сустрэцца ў Менску. У той час дзяўчына была ў Жодзіна, таму сябар па віртуальнай перапісцы паехаў туды. Першая сустрэча адбылася ў канцы жніўня-пачатку верасня 2015 году. Паводле пратаколу допыту сведкі, Тарас быў апрануты ў камуфляжную форму, меў заплечнік. У пракатоле нават указаныя дакладныя памеры заплечніка ў сантыметрах.

Паводле матэрыялаў справы, у той дзень пара гуляла па горадзе.

«Я звярнула ўвагу, што ён кульгае. Ён сказаў, што яго раніла аскепкам. Тарас расказваў, што ваюе ва Украіне, але я гэта сурёзна не ўспрымала», – гаворыць сведка ў пратаколе.

Тарас не заставаўся начаваць і з’ехаў на маршрутцы. Дзяўчына праводзіла яго. Паводле яе сведчанняў, погляд у Тараса быў «шалёны» і ён пакінуў уражанне дзіўнага, апантанага чалавека.

Праз некаторы час на мабільны нумар К. прыйшло смс-паведамленне з кодам пацверджання рэгістрацыі ў «Тўітэры» Як вынікае з пратаколу допыту, аказалася, што гэта Тарас зарэгістраваў акаўнт на нумар дзяўчыны.

«Мне гэта не спадабалася. Ён абяцаў перарэгістраваць акаўнт, таму я паведаміла яму код», – значыцца ў матэрыялах справы. Аватараў зарэгістраваўся пад нікам «Друг Дук».

«Там ён публікаваў інфармацыю пра «Правы Сектар». Маючы час, я адказвала яму, бо ўспрымала нашу перапіску як жарт, гаворачы простай мовай, «троліла» яго. Нейкі час ён не пісаў. Я напісала «я сумую». Ён адказаў, што хутка прыедзе. Я спалохалася», – сведчыць К.

25 лістапада 2015 году яна не стэлефаноўвалася з Тарасам. З сяброў яго выдаліла. Апошнімі словамі ў пратаколе допыту К. значыцца, што перапіску з ім яна вяла выключна са свайго мабільнага тэлефона, які прыкладае да паказанняў.

Яўка з павіннай

Пракурор зачытаў расшыфроўку размовы Аватарава з аператыўнікам ды яўку з павіннай. Паводле яе Аватараў прызнаваўся, што стварыў групу ў Фэйсбуку «Правы сектар. Беларусь», пісаў артыкулы для сайта «1863». Пасля смерці байца Чаркашына пад пазыўным «Тарас» вырашыў ехаць ва Украіну, уступіў у «Правы сектар». У асобнай тактычнай групе выконваў абавязкі кухара.

«Едучы ў Беларусь, узяў з сабой «хатабку». Яе хацеў выкарыстаць для самападрыву ў выпадку зрыву спецаперацыі. Гатовы добраахвотна супрацоўнічаць са следствам, даваць інфармацыю», – значыцца ў матэрыялах справы.

Таксама сёння былі прагледжаныя відэа: затрыманне Аватарава ў залі чакання вакзала ў Менску ды перасячэнне мяжы ў пункце «Новая Гута».


Тарасам Аватараў – жыхар Наваполацку, добраахвотнік «Правага сектару». У леташнім лістападзе яго затрымалі ў Менску на чыгуначным вакзале. Паводле міліцыі і КДБ, Тараса Аватараў меў пры сабе зброю, выбухоўку і бронекамізэльку.

Чытайце таксама>>>

Хто такі Аватараў? У «Правым Сектары» распавядаюць пра арыштаванага беларуса

Добраахвотнік «Правага сектару», якога судзяць у Менску, хоча сустрэцца з кіраўніком КДБ

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары