З танкамі – на палігон, а не ў горад!


Аўтар «супрацьпараднай» петыцыі Антон Матолька тлумачыць, чаму гэтае мілітарызаванае шоў – не толькі выкіданне грошаў, але і шкодная традыцыя.

Рэпетыцыі адгрукалі, наперадзе – маштабнае шоу. Неабходнае для дзейнай улады і ейнага электарату, безумоўна не таннае і знішчальнае для дарожнай інфраструктуры. Сёлета праціўнікі правядзення ў горадзе парадаў з выкарыстаннем механізаванай вайсковай тэхнікі ўпершыню аформілі свае прэтэнзіі. Колькасць падпісантаў петыцыі расце, на момант падрыхтоўкі публікацыі іх было больш за 1,5 тысячы.



Антон Матолька, аўтар петыцыі, фатограф, блогер

– З году на год паўтараюцца нараканні менчукоў: не магчыма перасоўвацца па горадзе, няма чым дыхаць, шкада дарожнага палатна… Чаму менавіта сёлета аформілі петыцыю?

– Надакучыла, што ахвочых панаракаць шмат, а самая ідэя стварэння скаргі, калектыўнага звароту ці петыцыі гадамі вісіць у паветры. Але ніхто не бярэцца гэта аформіць. Было б лагічна, калі гэтую справу зрабілі б палітыкі, напрыклад, ці эксперты, якія выступаюць вострымі крытыкамі парадаў. Не робяць, то стварыў сам. Можа не зусім прафесійна, але выбачайце!

– Чым найбольш замінаюць рэпетыцыі і самі ваенныя святы ў сталіцы?

– Найгоршае хіба тое, што з-за танкаў не могуць свабодна перасоўвацца машыны Хуткай дапамогі. Учора быў няшчасны выпадак – наведніца караоке-клубу ўпала ў падвал разгрузачнай рампы будынку і пашкодзіла галаву. Праз коркі, створаныя пад час генеральнай рэпетыцыі параду, «хуткая» дабіралася да месца здарэння 40 хвілінаў. На шчасце, дзяўчына дачакалася. Але сённяшнія загалоўкі маглі быць іншыя, кшталту «Яна памерла, бо па горадзе ішлі танкі»…

– На ваш погляд, ці варта агулам працягваць традыцыю ваенізаваных шоу?

– Паводле розных падлікаў, толькі ваенныя выдаткі на арганізацыю і правядзенне параду вагаюцца ад $ 1 млн да $ 2 млн. Гэта немэтазгодныя выдаткі. Гэта бестурботнае выкідванне ў нікуды грошай, якія б маглі пайсці на будаўніцтва шпіталя, у навуку, адукацыю. Бо гэта не паказуха, а рэальны плён. Калі ж абстрагавацца ад эканамічных прычынаў, то калі ласка – маем разбітае гусеніцамі тэхнікі дарожнае палатно, маем заторы ў сталіцы і звязаны з імі калапс. Негатыў ёсць і ён немалы нават з боку тых, хто пойдзе на святкаванне.



Генеральная рэпетыцыя параду, фота Генадзя Верацінскага

– Ці вы сам бывалі на гэтых шэсцях, дэманстрацыі тэхнікі, а потым танцах ды салютах?

– Вельмі часта даводзіцца працаваць там у якасці фатографа. Парад на Дзень Рэспублікі часта адбываецца ў спёку, шмат хто не вельмі добра сябе адчувае ў натоўпе. Але людзі туды прыходзяць, прыводзяць дзяцей. Бо для іх не арганізоўваюць іншых святаў, якія б не былі звязаныя з вайсковым жыццём. Жывем жа ў мірны час, то чаму не зладзіць іншы фармат святкавання нават на 3-га ліпеня? Ці калі так ужо прычапіліся да неабходнасці лязгаць зброяй, чаму не рабіць гэта на палігоне за Менскам, арганізаваўшы датуль бясплатны праезд.

– Антон, у петыцыі вы збольшага данеслі, што не пасуе гараджанам. Колькі подпісаў трэба сабраць, каб петыцыя мела плён?

– Няма такой нормы ў Беларусі, што напрыклад пасля 30-ці тыс. подпісаў улада мусіць да нас прыслухацца! Гэтая петыцыя будзе калектыўным зваротам беларусаў да Міністэрства Абароны, Адміністрацыі Прэзідэнта і Менгарвыканкаму. Чым больш прозвішчаў будзе ў пераліку, тым лепш. Таму я звяртаюся да ўсіх, хто ў гэтымі днямі ўзгадвае ў сацыяльных сетках парад ці звязаныя з ім цяжкасці: пад сваім тэкстам ці фота змясціце калі ласка і спасылку на петыцыю. Калі самі не здагадаліся ці паленаваліся яе стварыць, то дапамажыце сабраць подпісы.

Гутарыла Юлія Цяльпук, belsat.eu

Стужка навінаў