«З такімі коштамі малако кату бяру, сабе не». Што менчукі набываюць на восеньскіх кірмашах


Ці можна ашчадзіць на сельскагаспадарчых кірмашах? Глядзіце ў нашым рэпартажы.

Бульба па 25 капеек за кіло, моркаўка – не даражэй за 60 капеек. Падобныя кошты на сельскагаспадарчых кірмашах Менску дазволілі прадаць больш як 900 тонаў гародніны, фруктаў і дзясяткі тонаў мяса і рыбы. Агулам, прыкладна на паўмільёна долараў толькі за мінулыя выходныя. Учора каля «Чыжоўка-Арэны» ізноў былі натоўпы менчукоў. Усе ў пошуках таннейшых харчоў.

«Я кату бяру малако набываю, дык сама ўжо яго не пʼю. Ці можна, каб такія кошты на малако былі? На кефір, на смятану, на ўсё! Гэта нейкі жах. Куды нас вядуць!» – абураецца жанчына.

Іншая заўважае:

«Можна і вельмі нават можна ашчадзіць, асабліва калі вы пенсіянеры – нам гэта вельмі вялікая эканомія».

Глядзіце таксама >>> МВФ пра беларускую эканоміку: усё вельмі дрэнна

А мужчына памаладзей каментуе кошты:

«Тут у любым выпадку танней. Мы глядзелі на рынку – там бульба 4000-4500 (у недэнамінаваных рублях), а тут – 2 500. То бок ужо розніца ёсць».

На такіх кірмашах усталёўваюць мінімальныя гандлёвыя надбаўкі – часам гародніна нават у два разы таней за сярэднія кошты ў крамах. Паўмільёна ж долараў за выходныя – толькі гучыць моцна – кажа эканаміст.

«Паўмільёна долараў для Менску – гэта кропля ў моры. Але кірмаш – гэта шматгадовая традыцыя. Да таго ж у адрозненне ад летніх кірмашоў, на восеньскія, дзе гандлююць садавіной і гароднінай – сапраўды можна набыць нешта таней, а гэта пад час крызісу мае вялікі сэнс для менчукоў», – мяркуе эканаміст, намеснік старшыні АГП Леў Марголін.

І паўмільёна – гэта яшчэ не мяжа. Улічваючы няспынны спад сярэдняга заробку – прыкладна на 4 % за жнівень у параўнанні з леташнім перыядам, кірмашы могуць не хвалявацца за нястачу кліентаў. Бо эканамічныя перспектывы не надта аптымістычныя, мяркуе адмысловец.

«І па прыбытках і па заробках нічога добрага чакаць не даводзіцца, а без рэформаў можна спадзявацца толькі на цуд. Бо нават калі цуд адбудзецца не ў нас, а ў Расеі – гэта яшчэ не азначае, што ў нас нешта палепшыцца. Ніякага пазітыву я не чакаю», – адзначае Леў Марголін.

З пазітыўнага тут хіба толькі тое, што падобныя кірмашы і ў сталіцы, і ў іншых гарадах працягнуцца ажно да апошніх выходных кастрычніка.

Усевалад Шлыкаў

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары