З СІЗА КДБ выйшаў Сяргей Барсток. Магчыма адпусцілі яшчэ двух фігурантаў справы «баевікоў»


Фота nn.by

З СІЗА КДБ вызвалілі Сяргея Барстока, якога з ночы 22 сакавіка трымалі ў ізалятары КДБ. Паводле жонкі Сяргея Барстока, Аляксандры, з мужа ўзялі падпіску пра нявыезд і невыдаванне інфармацыю, таму ён не дае каментароў журналістам.

«Выглядае нармальна. Ня збіты. Але маўчыць пра тое, што там было. Вызвалілі яго ўчора ўвечары, прывезлі дадому», – сказала жонка экс-затрыманага Аляксандра.

Паводле старшыні рады «Бацькаўшчыны» Ніны Шыдлоўскай, на гэты час выстаўленыя абвінавачанні тром з затрыманых у справе «Белага легіёну».

«Іх прозвішчы яшчэ высвятляем», – сказала Ніна Шыдлоўская.

Паводле Шыдлоўскай, ёсць звесткі, што акрамя Барстока адпусцілі яшчэ двух затрыманых па гэтай справе. Інфармацыя правяраецца, піша belapan.by.

У КДБ звесткі пра выстаўленне абвінавачанняў праверыць не ўдалося. Тэлефон прэсавай службы працуе ў рэжыме аўтаадказніка.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары