З сэлфі-палкаю – на тэрарыста! ТОП самых бессэнсоўных методык самаабароны


Адзін з маскоўскіх цэнтраў баявых мастацтваў выйшаў на новы ўзровень ды пачаў навучанне самаабароне з дапамогаю сэлфі-палкі. Ці модны дадатак да смартфона стане дастойным канкурэнтам для імбрыка і праваслаўнага крыжа?

Самаабарона для гіпстараў

Выкарыстоўваць сэлфі-палку ў вулічным баі прапаноўваюць на поўным сур’ёзе. Для журналістаў «Reuters» нават зладзілі парачку паказальных баёў.

«Насамрэч праца з прадметамі – звычайнымі палкамі існуе больш за тысячу гадоў. Калісьці на Усходзе вынайшлі гэтую сістэму, а мы толькі адаптавалі яе пад сучасную палку – сэлфі-палку», – гаворыць інструктар Цімур Дудаеў.

Паводле арганізатараў заняткаў, каб авалодаць асновамі тэхнікі абароны з дапамогаю сэлфі-палкі дастаткова пяці дзён. У клубе падкрэсліваюць, што для навабранцаў няма абмежаванняў паводле ўзросту ці фізічнай кандыцыі. А з дапамогаю сэлфі-палкі можна абараніцца ад злодзея, які паспрабуе скрасці смартфон, або нават ад тэрарыста пры спробе захопу закладнікаў.

Гарачым воцатам у вочы!

Таксама ў Расеі прыдумалі, як выкарыстоўваць электрычны імбрык для фізічных трэніровак і самаабароны. Жартаўлівае відэа пад назваю «Тренировка мышц и самооборона чайником» сабрала сотні тысячаў праглядаў у сацыяльных сетках.

Інструктар у балаклаве прапаноўвае напоўніцу карыстацца тактычнымі перавагамі, якія дае імбрык у бойцы: суперніка можна паліваць струменем кіпню, а дзеля большай эфектыўнасці закіпяціць можна не ваду, а воцат.

«Можна або слабым струменем абліць, або націснуць на гузічак, адкрыць накрыўку… і пачынаецца забава!» – інструктуе трэнер у масцы. Паводле яго, праціўніка можна проста моцна ўдарыць імбрыкам, а шнуром, пры неабходнасці, і прыдушыць.

«Зброя праваслаўнага ваяра»

Адна з самых эфектыўных методыкаў так званага «бескантактавага бою» – гэта бой з выкарыстаннем праваслаўнага крыжа. Калі сэлфі-палкай ці імбрыкам сапраўды можна добра прыкласці, то тут нават дакранацца да яго не трэба.

Гэтае відэа таксама знятае ў Расеі. Аўтары методыкі не паведамляюць, ці яна эфектыўная толькі ў дачыненні праваслаўны, ці падзейнічае, калі праціўнік – каталік, мусульманін ці атэіст.

Сабака – сябар чалавека!

Калі праваслаўнага крыжа, імбрыка, або сэллфі-палкі няма, то ў самаабароне дапаможа верны сябра чалавека – сабака. Неабавязкова гэта мае быць бультэр’ер ці доберман. Хопіць мопса і нават беспароднага сабакі. Галоўнае – як след замахнуцца.

ТОП методык самаабароны: поўнае відэа:

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў