«З празнічкам». Трывае трэцяе дзесяцігоддзе Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе


Дваццаць адзін год таму малады палітык упэўнена перамог на першых, а як лічаць многія – і на апошніх дэмакратычных – прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка ў другім туры набраў больш за 80 % галасоў выбарнікаў. Ён абышоў і камуністычных бонзаў і партыйных лідараў. Як узгадвае арганізатар самых буйных беларускіх пратэставых акцыяў Вячаслаў Сіўчык, спачатку першага прэзідэнта ніхто не ўспрымаў сурёзна.

ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК, ЛІДАР РУХУ САЛІДАРНАСЦІ «РАЗАМ»:

«Гэты чалавек вельмі моцна змяніўся. Яго лічылі блазнам у Вярхоўным Савеце XII склікання. Таму менавіта ён і прарваўся да ўлады, бо ніхто ж не думаў. І ніхто не думаў, што ён прыйшоў надоўга. Уся менская эліта лічыла, што ён прыйшоў да ўлады на год – ужо калі беларусы яго абралі».

І глыбока памыляліся. Неўзабаве Лукашэнка пазбавіцца ад апазіцыі ў Вярхоўным Савеце, правядзе цэлы шэраг паспяховых рэферэндумаў, заключыць хаўрус з Масквой, а самыя небяспечныя апаненты кіраўніка краіны знікнуць. Але акрамя вычышчэння палітычнага поля, праціўнікі нязменнага кіраўніка Беларусі маюць да яго не толькі палітычныя, але і нацыянальныя закіды.

ПАВЕЛ ЗНАВЕЦ, ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТА ХIII СКЛІКАННЯ:

«У першы год кіравання Лукашэнкі 85 % школаў ужо перайшлі на беларускую мову, а цяпер засталося толькі крыху больш за 10 %. Мова гэта аснова – стваральны фактар для дзяржавы. І калі мы гэта не адродзім, то перспектываў у Беларусі не будзе».

Людзі, што нарадзіліся за час кіравання Аляксандра Лукашэнкі ўжо маглі паспець адслужыць у войску і завесці сям’ю, гэтак і не пабачыўшы іншае асобы на прэзідэнцкім фатэлі. Выбары даўно сталіся фармальнасцю, а на сёлетнюю выбарчую кампанію частка апазіцыя ідзе хутчэй без спадзеваў на перамогу. Іншыя ўсцяж заклікаюць далучацца да ініцыятыўнай групы зняволенага экс-кандыдата на прэзідэнцтва 2010-га года Мікалая Статкевіча.

ВЯЧАСЛАЎ СІЎЧЫК, ЛІДАР РУХУ САЛІДАРНАСЦІ «РАЗАМ»:

«Сітуацыя ў краіне сапраўды жахлівая. І толькі згуртаваўшыся, мы штосьці можам зрабіць. Беларусы супраціўляюцца, але ў сённяшняй беларускай рэальнасці гэта даецца вельмі цяжка. Праблема не ў апазіцыі, а ў тым, што беларуская ўлада ляжыць ля карыта і агідна рохкае!»

На сталічных вуліцах настроі лагаднейшыя. Мала хто ўзгадаў часы да Лукашэнкі. І настальгіі не маюць.

«Цяжка было выхад з крызісу пасля перавароту – гэта жах быў. І як мянялі грошы – гэта проста жах. Ну, цяпер дзякуй Богу – стабільна».

«Цяпер нашмат лепш – дабрабыт, як мяне – то мне ўсё пасуе. Значна лепш стала нават».

Іншыя падзяліліся сваймі пажаданнямі з нагоды гадавіны.

«Пажадаць яму здароўя, сілы волі, каб яго палітыку разумелі».

«Ну там – з «празнічкам», напэўна. Жадаю ўсё ж такі – пацясніцца напэўна. Адзін прэзідэнт гэта ўсё ж такі няправільна».

Пацясняцца Аляксандр Лукашэнка не збіраецца ўжо трэцяе дзесяцігоддзе. Тыя ж, хто самі спрабавалі гэта зрабіць атрымліваюць іншыя, зусім не прэзідэнцкія тэрміны.

НН, belsat.eu

Стужка навінаў