З парасонамі супраць дручкоў. Пратэстоўцы ў Гон-Конгу занялі квартал


Пятнічная патасоўка скончылася перамогаю пратэстоўцаў, хоць паліцыя збівала маніфестантаў дручкамі і распыляла слезацечны газ. Дэманстранты ў адказ не прымянялі гвалту, аднак выцеснілі праваахоўнікаў з кварталу Монг-Кок.

У пятніцу пратэстоўцы пачалі ізноў збірацца ў Гон-Конгу. Шмат хто з іх меў адмысловыя акуляры і парасоны, каб бараніцца ад слезацечнага газу. Паліцыянты спрабавалі разагнаць маніфестантаў, збівалі іх дручкамі. Дэманстранты спрабавалі засланіцца парасонамі ды скандавалі «Банда!», але не адступалі.

Маніфестанты перакрылі галоўную магістраль Монг-Коку і адцяснілі паліцыянтаў. Хоць камеры зафіксавалі, што гвалт прымянялі ў асноўным праваахоўнікі, на раніцу камісар паліцыі Гон-Конгу заявіў, што такія паводзіны пратэстоўцаў «не з’яўляюцца мірнымі і негвалтоўнымі».

«Паліцыя дзеяла вельмі лагодна апошнімі днямі. Мы спадзяваліся, што пратэстоўцы выкажуць сваё меркаванне і супакояцца. Але яны, на жаль, пастанавілі працягваць свае незаконныя, радыкальныя дзеянні. Гэтыя дзеянні наносяць шкоду Гон-Конгу», – заявіў камісар паліцыі Эндзі Цанг.

Дэмакратычныя актывісты, у асноўным студэнты, пратэстуюць у Гон-Конгу з пачатку кастрычніка. Яны патрабуюць сапраўды дэмакратычных выбараў і аўтаноміі. Аднак Пекін працягвае настойваць на «свабодных выбарах», але – з кандыдатамі, зацверджанымі кітайскаю камуністычнаю партыяй.

МЛ, belsat.eu

 

Стужка навінаў