З новага года пераздачы ў БДУ – платныя


[vc_row][vc_column][vc_single_image image=”77770″ img_size=”large”][vc_column_text]У буйнейшым беларускім універсітэце палажэнне аб аплаце паўторнай здачы залікаў і экзаменаў набыло моц з першым днём новага года.

У БДУ распачынаецца зімовая сесія, на якой кожны не здадзены экзамен будзе біць не толькі па вольным часе студэнтаў, але і па іх (або хутчэй бацькоўскіх) кішэнях.

Зацверджанае 12 лістапада рэктарам Сяргеем Абламейкам палажэнне «Аб арганізацыі атэстацыі асоб, якія не здалі экзамены, залікі, не прайшлі іншыя формы кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці, прадугледжаныя вучэбнымі планамі, і ліквідацыі розніцы ў вучэбных планах у Беларускім дзяржаўным універсітэце» набыло моц у першы дзень 2016 года.

Цяпер беларускаму студэнту пераздаць экзамен у прафесара каштуе 53 тыс. рублёў, у дацэнта – 50 тыс., у выкладчыка без навуковай ступені – 47 тыс.; заліку – 37, 35 і 33 тыс. адпаведна.

Кіраўніцтва выкананнем і абарона курсавой работы ацэненыя ад 516 тыс. рублёў (пад кіраўніцтвам выкладчыка без навуковай ступені на першым курсе) да 945 тыс. (пад кіраўніцтвам прафесара на пятым курсе), а кіраўніцтва выкананнем і абарона дыпломнай работы (праекту) – ад 2 млн. 732 тыс. да 3 млн. 24 тыс. адпаведна.

Найдаражэй будзе паўторна абараніць магістарскую дысертацыйную работу: 3 млн. 745 тыс. пад кіраўніцтвам прафесара.

Увядзенне платных пераздачаў стала прычынай незадавальнення студэнтаў. Актывісты руху «Студэнты супраць» сабралі некалькі тысяч подпісаў за адмену гэтага рашэння і правялі 2 снежня ў Менску марш пратэсту. Яны патрабавалі адмены нормы аб платных пераздачах і ўвядзення механізму рэальнага самакіравання ў БДУ.

Рэакцыя грамадства на «Марш студэнтаў» была рознай: некаторыя бачылі ў ім пачатак рэвалюцыі і параўноўвалі з вулічнымі акцыямі студэнтаў у 90-я, некаторыя – жаданне двоечнікаў не плаціць за сваю ляноту.

Пасля акцыі некаторыя студэнты атрымалі штрафы.

30 снежня Сяргей Абламейка сустрэўся з некалькімі студэнтамі-актывістамі, якім давёў, што адміністрацыя навучальнай установы не плануе адмяняць плату за пераздачу акадэмічнай запазычанасці.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў