З новага года – новае графічнае афармленне «Белсату»

video

Наш канал удасканальваецца: апроч шэрагу новых праграмаў, «Белсат» запускае новае графічнае ды музычнае афармленне эфіру.

Над нашаю новаю «ўпакоўкаю» працавалі творцы з Беларусі, Польшчы ды Францыі. Мастацкім кіраўніком праекту стаў французска-польскі дызайнер Людвік Бэрэзоўскі, які цягам доўгіх гадоў супрацоўнічае з буйнымі еўрапейскім тэлеканаламі ды фірмаю «Сітраэн».

Музыку для анімаванай графікі напісаў Шыман Высоцкі, аўтар саўндтрэкаў для папулярных польскіх тэлесерыялаў.

https://youtu.be/PJs1dmbwfu4

Ключавой асобай у абнаўленні белсатаўскай «вокладкі» стаў беларускі фатограф і астраном Віктар Малышчыц, які летась на працягу 9 месяцаў запісваў у розных кутках Беларусі відэа ў тэхналогіі пакадравага здымання. Гэтыя кароткія фільмы ў спалучэнні з анімаваным беларускім арнаментам леглі ў аснову новых эфірных перабівак, якія будуць мяняцца ў залежнасці ад пары года. Гледачы могуць адкрыць невядомую, чароўную Беларусь або зірнуць на славутыя мясціны ў незвычайным святле.

«Мы хочам, каб «Белсат» стаў яшчэ больш беларускім, стаў бліжэйшы свайму гледачу, каб падкрэсліваў тое цудоўнае, што мы маем, і адначасова выглядаў элегантна і сучасна, на найлепшым сусветным узроўні. Працаваць давялося цяжка: творцы былі расцярушаныя паміж Парыжам, Менскам і Варшаваю, але мэта дасягнутая», – лічыць Матэўш Адамскі, кіраўнік аддзелу анонсаў і прамоцыі «Белсату».

Кубік, цэнтральны элемент анімацыі, сімвалізуе шырокі дыяпазон нашых праграмаў, ілюструе шматграннасць нашае дзейнасці ды падкрэслівае даступнасць «Белсату» для гледачоў.

«Аснова лагатыпу амаль не зменіцца: знікне толькі цень вакол літараў. Такое спрошчанае лога значна лепш адпавядае сучасным трэндам у графічным дызайне і лепш даносіць вартасць нашай маркі», – кажа Матэўш Адамскі.

Адкрываць новы дызайн каналу можна будзе ўвесь год. Гэтымі днямі ў эфірнай ратацыі – калядна-навагоднія застаўкі, а звычайныя, штодзённыя перабіўкі можна будзе ацаніць ужо ў сярэдзіне студзеня.

ДД, belsat.eu

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары