З месца забойства Нямцова ноччу прыбралі ўсе свечкі і кветкі


У Маскве з месца забойства апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова на Вялікім Маскварэцкім мосце прыбралі ноччу кветкі, свечкі і фоты, знесеныя людзьмі.

Пра гэта ў сваім «Тўітэры» паведаміла чалец расейскай партыі «РПР-ПАРНАС» Наталля Пялевіна, падае korrespondent.net.

«Згрэблі ўсё – старыя і новыя кветкі, свечкі, фатаграфіі. Рабілі ўсё вельмі хутка, і прыйшлі ў 2 гадзіны ночы», – напісала Пялевіна.

Фота з месца забойства палітыка апублікавала ў «Тўітэры» журналістка радыё «Эхо Москвы» Ірына Варабёва.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Таксама ў сетцы з’явілася відэа, на якім бачна, як невядомыя збіраюць у смеццевыя пакеты кветкі і знічы, прынесеныя людзьмі на Вялікі Маскварэцкі мост.

Аднак пазней журналістка Варабёва апублікавала новыя фота з моста. На іх відаць, што людзі зноў прынеслі кветкі на месца гібелі Нямцова.

[vc_single_image image=”5″ img_size=”large”]

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Барыс Нямцоў быў забіты ўвечары 27 лютага на Вялікім Маскварэцкім мосце ў непасрэднай блізкасці ад Крамля. Па падазрэнні ў дачыненні да забойства раней былі затрыманыя, а затым арыштаваныя пяць чалавек.

Па дадзеных следства, меркаваным забойцам Нямцова з’яўляецца Заур Дадаеў – былы намеснік камандзіра чачэнскага батальёна МУС «Поўнач». Раней прадстаўнікі следства заяўлялі, што ён ужо прызнаўся ў здзяйсненні злачынства, аднак праваабаронцам Дадаеў паведаміў, што не забіваў апазіцыянера.

Па словах Дадаева, яго вымусілі даць паказанні з прызнаннем віны ў абмен на вызваленне яго таварыша Руслана Юсупава.

МЯ, паводле korrespondent.net

Стужка навінаў